www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Святы Казімір

Святы Казімір нарадзіўся ў 1458 годзе ў Кракаве ў шматдзетнай каралеўскай сям’і (13 дзяцей) караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка і Альжбэты Аўстрыйскай з дынастыі Габсбургаў. Унук караля Ягайла. Да 9 гадоў Казімір выхоўваўся сваёй маці, якую яшчэ пры жыцці называлі самай пабожнай каралевай Еўропы. Бацька ж святога Казіміра, хаця і кароль, таксама быў чалавекам богабаязным, пастаянна пасціўся, не ўжываў алкаголь.

Выхаваннем каралеўскіх дзяцей пры польскім двары займаліся святары-канонікі. Так, адным з настаўнікаў каралевіча Казіміра быў вядомы польскі гісторык, дыпламат і касцёльны дзеяч, кракаўскі канонік Ян Длугаш. Менавіта ён выбраў для пражывання каралевічаў ціхі замак у Старым Сончы, удалечыні ад шумнага каралеўскага двара з яго балямі ды інтрыгамі. Таксама духоўным настаўнікам святога Казіміра быў святы Ян Канты (заступнік прафесараў, выкладчыкаў і студэнтаў, “Карытас”, Кракава, Польшчы і Літвы), вядомы таксама тым, што меў візіі Панны Марыі.

Калі каралевічу Казіміру было ўсяго 13 гадоў, вянгерскія магнаты хацелі абвясціць яго каралём Венгрыі. На іхнюю прапанову Казімір адказаў, што ні ў што не ставіць карону зямную, а сумуе толькі па кароне нябеснай. За вянгерскі трон таксама стаў змагацца іншы прэтэндэнт – Маціаш Корвін. Каралевіч падпарадкаваўся волі бацькі – караля Казіміра IV, які адправіў яго на чале з 20-тысячным войскам у Венгрыю. На мяжы з Венгрыяй каралевіч Казімір дазнаўся, што Маціаш сабраў супраць яго войска ў 60 тысяч ваяроў, і што Папа Сікст IV даслаў польскаму каралю пасольства з просьбай адмовіцца ад прэтэнзій на Венгрыю. У гэтых умовах 13-гадовы Казімір на свой страх і рызыку прымае рашэнне вярнуцца з польскай арміяй дамоў, супраць волі бацькі. Каралевіч не хацеў развязваць вайну супраць хрысціянаў. Сам ён не адразу вярнуўся ў Кракаў, а правёў месяц у пакуце ў замку Добжа за непаслухмянасць бацьку. Бацька цалкам дараваў яму і прызначыў сваім намеснікам у Вялікае княства Літоўскае (хаця літоўская шляхта прасіла ў намеснікі іншага каралевіча – Яна Альбрэхта).

У Вільне каралевіч Казімір пражыў у адзіноце ў Ніжнім замку. Святы Казімір вызначаўся лагоднасцю, пакорай, дабрынёй і шчодрасцю да бедных. Яго прыгнятала свецкае жыццё, як і каралеўскае паходжанне. Ён лічыў сябе чалавекам звычайным, схільным да ўсіх чалавечых недасканаласцяў. Жыццёвым крэда святога Казіміра быў дэвіз: “Пасля Бога больш за ўсё патрэбна любіць праўду і справядлівасць”.

Большую частку часу ён праводзіў у малітве ў касцёле перад Найсвяцейшымі Дарамі (Адарацыя), нават сярод ночы мог прачнуцца і ісці маліцца ў касцёл перад Дарамі, а калі дзверы касцёла былі зачыненыя, то станавіўся на калені перад уваходам у храм і маліўся. Як апісваюць гісторыкі – у яго быў дар малітвы, вышэйшы дар зносін з Богам. Святы Казімір вельмі ўшаноўваў Панну Марыю, называў яе “дарагой Матуляй”. Пад княскім адзеннем ён насіў валасяніцу, а мяккаму ложку аддаваў перавагу сну на цвёрдай падлозе. Прынёс пажыццёвы зарок цнатлівасці і прыкладаў усе намаганні, каб пазбегнуць спакусаў супраць гэтага зарока, не шукаў жаночага атачэння, цураўся непрыстойных гутарак, аддаваў перавагу зносінам з людзьмі мудрымі і богабаязлівымі, часта разважаў са святарамі пра Бога, не любіў ліслівасці і хвалы.

Калі каралевічу давялося выконваць абавязкі караля ў Польшчы падчас адсутнасці бацькі (1481-1483), яму часта ліслівілі, кажучы, што жадаюць бачыць яго на троне. Казімір адказваў: “Дай Божа, каб пан і дабрадзей мой бацька, якога мне Пан Бог мой запаведаў шанаваць, ніколі, калі тое магчыма, не паміраў бы і шчасліва ўладарыў. Нахай я раней памру, каб не чакаць смерці майго бацькі. Гэтага каралеўства не прагну і не імкнуся да яго. Бо для іншага сатварыў мяне Пан Бог – для таго, якое нам Хрыстос мукаю Сваёю прыгатаваў”.

Хутка так і адбылося. Каралевіч Казімір захварэў на сухоты. Нараджэнне Пана 1483 года ён сустрэў у Гродне разам з бацькамі. Менавіта ў гэты ягоны прыезд лекары настойвалі, каб ён адмовіўся ад зарока цнатлівасці, настойвалі на жаніцьбе, лічачы, што гэта палепшыць яго стан здароўя. Але Казімір адказаў: “Ніколі не здзейсню такога, каб дзеля здароўя ў зямным жыцці гнявіць Пана Бога, парушаць Ягоны запавет і страчваць Ягоную ласку. Чаго ж болей для сваёй кароны святасці жадалі Мучанікі? Калі ім казалі: “Або адрачыцеся ад Хрыста, або аддайце здароўе”, - яны, баючыся грэхам зняважыць Бога, аддавалі перавагу смерці і страце здароўя”.

У студзені 1484 года кароль Казімір IV паехаў у Люблін на сейм, але дазнаўшыся аб пагаршэнні стана здароўя сына, ён вярнуўся ў замак у Гародню, застаўшы сына яшчэ жывым. Каралевіч Казімір памёр 4 сакавіка 1484 года, прыціскаючы да грудзей Святы Крыж і давяраючы сябе Найсвяцейшай Панне Марыі. Пахаваны быў святы Казімір у Вільне ў Кафедральным касцёле святога Станіслава. Тут жа па сённяшні дзень знаходзіцца капліца з труной святога Казіміра і яго цудоўным абразам з трыма рукамі (калі мастак маляваў выяву, яму здалося, што рука намаляваная непрапарцыянальна, ён намагаўся яе замаляваць і перамаляваць, але рука з’явілася на наступны дзень на палатне ізноў, і нягледзячы на ўсе намаганні мастака замаляваць яе, так і не знікла).

Самыя знакамітыя ваенныя цуды: 1). У 1518 годзе падчас аблогі Полацка наўгародцамі і пскавіцянамі кароль Жыгімонт І маліўся свайму памерламу брату. Знянацку над літоўскім войскам з’явілася візія юнака ў белым адзенні на белым кані, натхнёныя візіяй, літоўцы разбілі войска Маскоўскага княства, якое перавышала іх па колькасці. Каб ушанаваць памяць пра святога Казіміра браты-езуіты пабудавалі недалёка ад Полацка, на месцы гэтай візіі, касцёл у яго гонар (1652).

2). У 1604 годзе літоўскі гетман Ян Караль Хадкевіч перад паходам на шведаў усклаў свой меч на грабніцу святога Казіміра, паспавядаўся і прыняў камунію, і потым паехаў у паход, дзе пры Кірхгольме 27 чэрвеня 1605 года цалкам разграміў шведскае войска.

3). Полькі кароль Ян Сабескі, адпраўляючыся вызваляць Вену ад туркаў, прасіў служыць малебны святому Казіміру ў катэдры пры яго труне за поспех хрысціянкай зброі. І польская армія адолела мусульманаў.

Адразу ж пасля смерці святога Казіміра намаганнямі караля Жыгімонта І распачаўся працэс кананізацыі Казіміра. У 1517 годзе папская камісія прыбыла ў ВКЛ, каб вывучаць матэрыялы. У 1521 годзе Папа выдаў булу аб кананізацыі Казіміра, якая была страчаная разам з іншымі дакументамі па кананізацыі. Толькі каралю Жыгімонту ІІІ Ваза давялося ўзнавіць працэс кананізацыі. У архівах Ватыкана ў 1602 годзе была знойдзена копія страчанай булы Папы Льва Х за 1521 год, на аснове якой Папа Клімент VIII выдаў новую булу аб кананізацыі. Была ўскрыта труна святога Казіміра, і больш чым праз 100 гадоў пасля яго смерці па сведчанню відавочцаў ягоныя рэшткі былі знойдзены нятленнымі. У 1604 годзе кананізацыя святога Казіміра адбылася ў Вільне ў Катэдральным саборы святога Станіслава. На гэтай жа цэрэмоніі быў асвечаны краевугольны камень першага ў Вільне касцёла святога Казіміра пры езуітскім калегіюме. У 1613 годзе святой Казімір быў абвешчаны заступнікам Вялікага княства Літоўскага (сучасныя Беларусь і Літва). У 1636 годзе Папа абвясціў яго заступнікам ВКЛ і Польшчы, а ў 1948 годзе святы Казімір быў абвешчаны заступнікам моладзі. У сучаснай Літве ён таксама ўшаноўваецца як заступнік рамеснікаў, бо вядома што пры жыцці святы Казімір таксама быў і добрым рамеснікам - рабіў бочкі і студні, якія вясной аддаваў на продаж на рынак.

Трэба адзначыць і такі факт, што падчас жыцця каралевіч Казімір прыкладаў усе намаганіі, каб распаўсюджваць хрысціянскую веру сярод простых людзей. Так, ён ўгаварыў бацьку і брата, каб тыя дазволілі ахвяроўваць каралеўскія землі манахам, каб тыя маглі засноўваць на іх свае кляштары і прапаведваць Евангелле. Менавіта так паўстала і парафія ў Будславе, сённяшім Нацыянальным Санктуарыі Маці Божай у Беларусі. Брат каралевіча Аляксандр працягваў справу святога Казіміра па ахвяраванню земляў пасля ягонай смерці, і менавіта Аляксандр падарыў землі манахам бернардзінцам, якія і заснавалі Будслаў.

Касцёл святога Казіміра ва Ўселюбе не выпадкова носіць імя гэтага святога. Уладальнікі Ўселюба – магнаты Неміровічы – тыя, хто непасрэдна аддана служылі дынастыі Ягелонаў з самага яе пачатку (пачынаючы з Ягайла). Неміровічы былі тымі, хто прыняў каталіцтва адразу пасля Грунвальдскай бітвы (1410) і разам з іншымі 47 літоўскімі баярамі атрымалі шляхецкі герб (1413). Неміровічы актыўна ўдзельнічалі ў сватоўстве Казіміра IV Ягелончыка і Альжбэты Аўстрыйскай. Неміровічы спрыялі ўпанаванню Ягелонаў у Вялікім княстве Літоўскім. Першапачаткова касцёл ва Ўселюбе, пабудаваны Янам Нямірай пасля прыняцця каталіцтва, у 1433 годзе быў сімвалічна падзеям асвечаны ў гонар святога Яна Хрысціцеля. А пазней, калі прадстаўнік дынастыі Ягелонаў быў абвешчаны святым, лагічна, што касцёл, які ў тыя гады быў ператвораны кальвіністамі Радзівіламі ў кірху, а ў 1642 годзе быў вернуты католікам, быў асвечаны пад новым тытулам заступніка Літвы – святога Казіміра.

Дзень успамінаў святога Казіміра – 4 сакавіка.

Святы Казімір
мастак - Карла Дольчы, XVII ст.

Цудоўны абраз св. Казіміра
мастак невядомы, 1520

Дар Малітвы

Дар малітвы – гэта рэдкі дар яднання з Богам у думках і сэрцы.

З ранняга ўзросту святы Казімір адрозніваўся ад сваіх братоў і сясцёр не толькі па здольнасці і стараннасці, але і па любові да Бога і малітве. Пра незвычайную, узнёслую пабожнасць каралевіча Казіміра пісалі ўсе яго біёграфы, ад Захарыя Ферэры і Пятра Скаргі да аўтараў ХІХ стагоддзя.

«На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцелі, пакрыёма выходзіў з пакою, адзін, босы, прыбягаў да замкавай святыні і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніцма перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...».

Малітва да святога Казіміра  

Святы Казімір, ты быў нарожаны ў карaлеўскай сям’і, але адрокся ад раскошы і свецкіх забаў, праводзячы жыццё ў надзвычайнай чыстасці і аскезе, чым заслужыў славу святога. Будзь для нас суцяшэннем і дапамогай ва ўсіх нашых патрэбах і выпрасі ласку захавання чыстасці душы і цела, каб мы асцерагаліся ўсялякага граху і заслужылі на ўдзел у хвале нябеснай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва аб апецы для тых, хто носіць імя Казімір  

Святы Казімір, імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне! Тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам падтрымліваў і ратаваў мяне ва ўсіх патрэбах маіх і каб вымаліў для мяне ласку вернага наследавання тваіх цнотаў. Учыні, мой дарагі апякуне, каб захаваў я вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці. Амэн.

Літанія да святога Казіміра  

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон,
Кірые, элейсон.

Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, - змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,- змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа,- змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, - змілуйся над намі.

Святая Марыя, - маліся за нас.
Святы Казімір, - маліся за нас.
Лілея цнатлівасці, - маліся за нас.
Палаючая паходня ў доме Божым, - маліся за нас.
Апякуне Літвы і Польшчы, - маліся за нас.
Узор для валадароў гэтага свету, - маліся за нас.
Люстра справядлівасці, - маліся за нас.
Лекар аслабелых, -маліся за нас.
Прыклад цярплівасці, - маліся за нас.
Той, хто не зважаў на ўласны каралеўскі сан, - маліся за нас.
Ушанавальнік Бога, - маліся за нас.
Паслядоўнік Хрыста, - маліся за нас.
Верны слуга Марыі, - маліся за нас.
Суцяшальнік засмучаных, - маліся за нас.
Той, хто прыносіць аздараўленне хворым, - маліся за нас.
Дапамога канаючым, - маліся за нас.
Крыніца дабрыні, - маліся за нас.
Распаўсюджвальнік святой веры, - маліся за нас.
Айцец убогіх і сіротаў, - маліся за нас.
Юнак беззаганны, - маліся за нас.
Прыклад пакоры і добразычлівасці, - маліся за нас.
Радасць і хвала Вільні, - маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, - даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, - выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, - змілуйся над намі.

Маліся за нас, святы Казімір.
Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Малітва: Божа, Ты адарыў святога Казіміра, каралевіча, які жыў пры каралеўскім двары і быў падвергнуты спакусам свету, ласкаю жыцця ў святасці, просім Цябе, каб праз яго заступніцтва мы навучыліся адрываць нашыя сэрцы ад часовых радасцяў і імкнуліся да вечных. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Гімн святому Казіміру

Маліся за нас, о святы Казімеру!
Княжа нязломны, святы Казімеру,
Сын каралеўскі і гонар Айчызны,
Ты — быццам зорка, якая заззяла
Над нашым Краем.

Жыўшы на свеце, але не для свету,
Шлях Свой абраўшы пакорнай любові,
Ведаў, што толькі у Бозе ё радасць
І поўнасць шчасця.

Як гэта цяжка — узгардзіць пашанай,
А ў глыбі сэрца застацца ўбогім,
Як жа нялёгка — пасерад спакусаў
Захаваць цноты!

Наc вучы, княжа, шукаць волі Пана,
Чулую маці ў Марыі знаходзіць;
Хай Яна рачыць Твае два народы
Агарнуць плашчам.

Маліся за нас, о святы Каралевіч,
Прагнем з Табою ў нябёснай Айчызне
Велічыць песняй Бога ў Тройцы
Праз усе векі.

Амэн.