www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Навіны

“Малітва і добрыя ўчынкі - вось такім павінна быць нашае жыццё!” Біскуп Казімір Велікаселец адзначыў імяніны ва Ўселюбе

Дата: 2021-03-05 10:21:50

Святога Казіміра ўшаноўваць па усёй тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага з 1613 года, таму невыпадкова, выяву святога можна сустрэць амаль у кожным беларускім касцёле. Святы Казімір таксама з’яўляецца апекуном Гродненскай дыяцэзіі.

Святы Казімір (1458-1484) нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і (13 дзяцей) караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка (дынастыя Ягелонаў). У маладым узросце каралевіч прынёс Богу пажыццёвы зарок цнатлівасці і выстаяў у сваёй пастанове да канца. Пост, Эўхарыстыя, чытанне Святога Пісання, споведзь, сціплае жыццё, самаахвяраванасць, міласэрнасць, міратворчасць, прага нябесных багаццяў, а не зямных, пашана да бацькоў, распаўсюджванне веры праз будаўніцтва касцёлаў і кляштароў на тэрыторыі ВКЛ - усё гэта было асноўным падмуркам ягонага жыцця.

Святы Казімір вызначаўся дасканалай любоўю і пашанай да Пана Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі. Малітва і Адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце былі штодзённай прагай і імкненнем маладога каралевіча. У яго быў дар малітвы, якая прыносіла яму надзвычайную радасць у зносінах з Богам.

Менавіта так і распачалася сустрэча біскупа Казіміра Велікасельца і вернікаў ва ўселюбскай парафіі святога Казіміра – з ціхай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта і малітвы на Ружанцы напярэдадні дня імянінаў. 

4 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Казіміра, біскуп Казімір узначаліў Святую Імшу. У гаміліі іерарх падкрэсліў пра важнасць прыкладу асобы святога Казіміра для сучаснага чалавека, бо святы, нягледзячы на спакусы жыць па-каралеўску, перш за ўсё імкнуўся да Бога, шукаў сустрэчы з Ім праз малітву і ўсвядомленае імкненне да святасці, вельмі многа дапамагаў бедным і хворым людзям. “Малітва і добрыя ўчынкі - вось такім павінна быць нашае жыццё!” – заклікаў біскуп Казімір. 

На прыкладзе асобы святога каралевіча біскуп Велікаселец адзначыў той факт, што бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей у глыбокай веры і пашане да Бога, запрашаючы ксяндзоў займацца адукацыяй каралеўскіх дзяцей, а таксама ладзячы сямейныя пілігрымкі па святынях, даючы дзецям уласны прыклад глыбокай веры. 

Узгадваючы часы атэізму на нашай зямлі, біскуп адзначыў, як важна даць сваім дзецям дужы падмурак жыцця – веру, даць дзецям Бога, каб ніколі ізноў мы не апынуліся ў часах бязбожнага панавання зла. 

“Першае, што нам гаворыць пра Бога – гэта Біблія… Пра Біблію таксама гаворыць нам наш унутраны голас - сумленне”, - падкрэсліў іерарх.

Біскуп Казімір прыгадаў гісторыю студэнта Раскольнікава са “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, калі ў чалавеку абуджалася сувязь з Богам праз ягонае сумленне, якое не давала чалавеку забыць пра ягоны цяжкі грэх і злачынства. Бо чалавек - істота, якая сумяшчае ў сабе і зямное, і нябеснае. А таму падмурак без Бога – гэта пагібель для чалавечай душы. “Грэх, здзейснены намі, адбірае сілу разума… Патрэбна клапаціцца аб чысціні душы, бо ад гэтага залежыць уся наша дзейнасць”, - зазначыў біскуп Казімір.

Як прыклад навяртання атэіста да Бога біскуп Казімір прапанаваў жыццёвы шлях Эдзіты Штайн (святой Тэрэзы Бэнедзікты ад Крыжа), якая была вельмі адукаванай і разумнай асобай, якая ў сваім усведамленні, што Бога няма, шукала, што з’яўляецца прычынай нашага сусвету, і аднойчы задалася пытаннем, што можа гэта ёй трэба Бога пашукаць, што можа яна яшчэ не ўсё ведае? І калі яна зразумела, што Бог ёсць, і што яна хоча паглыбляць свае веды пра Яго, яна прааналізавала ўсе хрысціянскія рэлігіі і вырашыла прыйсці ў Касцёл, які быў адпачатку заснаваны Хрыстом, які адпачатку ніколі не падзяляўся і не адгаліноўваўся, які нёс і нясе сапраўдную Праўду пра Бога. Эдзіта Штайн прыняла рашэнне ісці за Богам да канца, аж да крыжа, таму 9 жніўня 1942 года прыняла пакутніцкую смерць у канцлагеры Асвенцыма, пакутуючы за свой народ, каб людзі любілі адзін аднаго, а не забівалі. Сёння гэтая святая – апякунка Еўропы.

“Будзем спадзявацца, браты і сёстры, на Пана Бога, на Найсвяцейшую Панну Марыю, каб у нас была любоў, узаемапаразуменне, мудрасць. І гэта мы атрымоўваем асабліва тады, калі прыходзім на Святую Імшу; калі ўкленчваем, мы разумеем, каму мы аддаем свае моцы… Як сказаў Ян Павел ІІ: “Святая Імша ёсць вяршыня”, калі мы ідзем да Хрыста, бо прымаючы Святую Камунію Бог нас адорвае мудрасцю і святасцю”, – рэзюмаваў біскуп Казімір.

Іерарх заклікаў вернікаў аднавіць свае адносіны з Богам праз малітву, чытанне Божага слова, пакаянне, пост і Эўхарыстыю, заклікаў да будавання падмуркаў жыцця па прыкладу святога Казіміра і яго сям’і.

“Пачынаем і заканчваем свой дзень малітвай, кожную нядзелю Імша, кожны месяц – споведзь, намагайцеся, пакіньце астатняе Госпаду, бо калі Бог з намі, хто супраць нас?” – звярнуўся біскуп Казімір да вернікаў Касцёла.

Памаліцца з біскупам і павіншаваць яго з імянінамі прыйшлі не толькі вернікі парафіі, але і госці з розных куткоў Беларусі - прадстаўнікі “Легіёна Марыі” з Мінска і Іўя, святары і вернікі з Навагрудка, Дзятлава, Раготны, Казлоўшчыны, Наваельні, законныя сёстры з Іўя. Усе прысутныя на Імшы атрымалі падарунак ад біскупа – Літанію Ларэтанскую да Маці Божай. Вернікі таксама ўшанавалі рэліквіі святога Казіміра.

Фотаздымкі