- Гісторыя касцёла і архітэктура
- Святы Казімір і яго дар малітвы
- Маці Божая Новага Жыцця
- Расклад набажэнстваў
- Прывітанне пробашча
- Школа малітвы
Прымірэнне з Богам
Сакрамэнт споведзі – гэта прымірэнне з Богам.
ПЕРАД СПОВЕДДЗЮ:
ШЧЫРА ЗАДУМАЙСЯ аб сваёй грахоўнасці і са спадзяваннем даверся Божай міласэрнасці:
Езус сказаў:
”Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў”. (Мц 9, 13)
”Кажу
вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго
грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці
праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння”. (Лк 15, 7)
“Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то
Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце
адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам
правінаў вашых”. (Мц 6, 14-15)
Маці Божая ў Фаціме
сказала:
”Людзі павінны перамяніць сваё жыццё і прасіць
прабачэння за свае грахі. Больш не абражайце Пана Бога,
бо Ён і так ужо моцна пакрыўджаны”. (13 кастрычніка,
1917 г.)
ДАСЛЕДУЙ СВАЁ СУМЛЕННЕ, каб узгадаць і ўбачыць усе свае грахі.
I.
Пан сказаў: "Любі Пана, Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю ўсім розумам тваім і з усіх моцаў тваіх".(Другазаконне 6, 5)
Якое месца Бог займае ў маім жыцці? Ці сапраўды я люблю Бога ўсім сваім сэрцам, або я жыву сканцэнтраваным толькі на матэрыяльных рэчах, працы, бізнесе, багацці або дабрабыце?
Ці я стараюся лепш пазнаць Пана Бога і паглыбіць сваю веру праз слуханне канферэнцый, удзел у рэкалекцыях, чытанне Бібліі і духоўнай літаратуры?
Ці я малюся кожны дзень? Ці я імкнуся заахвочваць да малітвы сваю сям'ю і родных? Ці я сапраўды з верай удзельнічаю ў святой Імшы ў нядзелю і абавязковых святах, ці не спазняюся на святую Імшу?
Ці шаную я маёмасць іншых людзей? Ці адмаўляю я, без наяўных на гэта прычын, даваць ці пазычаць?
Ці я маю звычку глядзець ТВ - шоу пра экстрасэнсаў, йогу, гамеапатыю, гараскопы, усходнія адзінаборствы і іншыя акультныя практыкі? Ці я захапляюся літаратурай на гэтыя тэмы? Ці я раю глядзець перадачы або чытаць кнігі такой тэматыкі іншым або дзялюся ўражаннямі ад прагляду гэтых перадач ці прачытаных кніг з іншымі?
Ці я падтрымліваю эўтаназію (забойства старога або хворага чалавека праз увядзенне смяротнага леку)?
Ці я паддаюся роспачы і дапускаю думкі пра самагубства?
Ці прысвячаю я Богу маю працу, вучобу, хваробу? У цяжкасцях ці я звяртаюся да Бога за дапамогай з сапраўднай верай і настойлівасцю, ці я звяртаюся (звяртаўся) за кансультацыяй да спірытыстаў, варажбітаў, “лекарак” або ўдзельнічаю (удзельнічаў) у розных акультных, сатанінскіх практыках? Ці я веру гараскопам, забабонам і прыкметам? Ці я выконваю сакрамэнтальныя абяцанні (напрыклад, шлюб)?
Ці я ўдзельнічаю ў апостальскай дзейнасці маёй парафіі, ці я, можа, абыякавы да жыцця сваёй касцёльнай супольнасці?
Ці я ўшаноўваю крыжы, абразы і сакральныя фігуры? Ці я з павагаю вымаўляю імя Бога, Маці Божай і святых, або можа ўжываю іх у пустых закліках і ўскліканнях?
II.
Езус Хрыстус сказаў: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас”.(Ян 15, 12)
Ці я дзялюся з тымі, хто бяднейшы за мяне? Можа я хцівы і эгаістычны і жадаю лепшага толькі для сябе?
Ці я прысвячаю час хворым, дапамагаю патрабуючым і апавядаю ім пра Хрыста і Яго Евангелле? Ці я абараняю прыгнечаных, дапамагаю няшчасным, бежанцам або людзям іншай нацыянальнасці, наколькі гэта магчыма?
Ці я сумленны ў працы, у бізнесе? Ці я плачу належную плату працаўнікам і падаткі джяржаве?
Ці я бяру тое, што не маё? Ці я крыўджу іншых?
Ці я падманваю іншых? Ці я раблю спешныя меркаванні, крытыкую, клянуся, наношу крыўды і падпітваю нянавісць супраць іншых? Ці я люблю слухаць плёткі пра кагосьці або распаўсюджваць іх?
Ці я ўдзельнічаю ў грахах іншых людзей праз замоўчванне іх граху (напрыклад, сусед(-ка) перыядычна зневажае іншага чалавека або здзекваецца над ўласным дзіцём, а я гляжу на гэта скрозь пальцы) або даю згоду на грэх (напрыклад, дазваляю ці раю маім дзецям жыць без шлюбу ў сужэнстве, раю дачцы нарадзіць дзіцё без сужэнства)? Ці я станоўча адношуся да садомскага граху (распусты з асобамі аднаго полу) або падтрымліваю кагосьці ў выбары практыкаваць і распаўсюджваць садамізм?
Як сын або дачка: ці я слухаюся маіх бацькоў, ці я паважаю іх? Ці я падтрымліваю іх у духоўным жыцці і матэрыяльных патрэбах? Ці я жыву ў згодзе са сваімі братамі (сёстрамі)? Ці я малюся за сваіх бацькоў, братоў і сясцёр?
Як бацька або маці: ці я руплівы (-я) у тым, каб даць маім дзецям хрысціянскую адукацыю? Ці я звыш патрабавальны (-я) у адносінах да недахопаў і няўдач сваіх дзяцей? Ці я не распачынаю непатрэбныя канфлікты? Ці праклінаю я сваіх дзяцей, называю іх дрэннымі словамі, ці жадаю ім бяды, гора і смерці?
Як муж або жонка: ці верныя мы адзін аднаму і кахаем адзін аднаго сэрцам? Ці прымаем мы дзяцей, як дар Божы, ці намагаемся пазбавіцца ад іх праз аборт? Ці раілі мы калі-небудзь, каму-небудзь зрабіць аборт або прымалі ўдзел у гэтым? Ці падтрымліваем мы нараджэнне дзіцяці праз ЭКА / сурагатнае мацярынства? Ці раілі мы калі-небудзь, каму-небудзь паслугі ЭКА / сурагатнага мацярынства?
III.
Езус сказаў: “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”.(Мц 5, 48)
Ці я намагаюся жыць ў прысутнасці Бога, робячы ўсё як мага найлепш, каб дагадзіць Яму, ці я жыву так, быццам Бог не існуе? Ці я прыступаю да споведзі, калі адчуваю, што грэх аддаліў мяне ад Бога? Ці я прымаю Святую Камунію кожную нядзелю?
Ці я падтрымліваю хрысціянскі погляд на адносіны да шлюбу?
Ці я з'яўляюся святыняю Духа Святога, ці ўтрымліваю мае пачуцці і цела ў чысціні і сціпласці?
Ці я, кіруючы транспартным сродкам, паважаю правілы дарожнага руху? Ці я клапачуся пра сваю бяспеку і бяспеку сваіх пасажыраў? Ці я паважаю правілы дарожнага руху як пешаход?
Ці я злоўжываю алкаголем і пераядаю звыш нормы? Ці я прымаю наркотыкі або заахвочваю да гэтага іншых? Ці палю я папяросы?
Ці я практыкую (практыкаваў) йогу, пілатэс або ўсходнія адзінаборствы?
Ці я маю звычку амаральна размаўляць, паводзіць сябе або несціпла апранацца? Ці я атрымоўваю задавальненне ад прагляду амаральных фільмаў, ТВ-шоу, парнаграфіі або непрыстойных старонак у Інтэрнэце? Ці я займаюся мастурбацыяй, ананізмам? Ці я сваімі непрыстойнымі паводзінамі не зводжу іншых да граху?
Ці я не паддаюся ляноце? Ці я не адмаўляюся здзейсніць добры ўчынак, калі я ў стане і магчымасцях яго здзейсніць (напрыклад, памыць посуд за маму або жонку, або дапамагчы камусьці ў выкананні яго абавязкаў)?
КАЙСЯ ЗА СВАЕ ГРАХІ, прасі аб Божай міласэрнасці.
”Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае. <...> Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух”. (Пс 51 [50], 3–4; 12) Пане Езу, будзь міласцівы да мяне грэшнага.
ПАДЧАС СПОВЕДЗІ:
СПАВЯДАЙСЯ: прывітайся са святаром словамі “Хвала Хрысту”, і скажы, калі ты быў апошні раз ў споведзі і ці выканаў дадзеную табе папярэднюю пакуту, і шчыра вызнай усе свае грахі. Пастарайся быць ясным і лаканічным. Іншыя чакаюць у чарзе.
Уважліва слухай, што табе будзе гаварыць святар, і пастарайся запомніць, якую пакуту ён табе прызначыць. Калі ты закончыш спавядацца, святар адпусціць табе грахі і зробіць знак Крыжа над табою. Падчас адпушчэння грахоў кулаком бі сябе ў грудзі і тры разы кажы так: “Божа, будзь літасцівы да мяне грэшнага”.
”БУДЗЬ АДВАЖНЫМ, СЫНЕ, АДПУСКАЮЦЦА ТВАЕ ГРАХІ” (МЦ 9, 2). ІДЗІ Ў СУПАКОІ І НЯХАЙ ПАН БУДЗЕ З ТАБОЮ!
ПАСЛЯ СПОВЕДЗІ ВЯРНІСЯ НА СВАЁ МЕСЦА.
ПАДЗЯКУЙ БОГУ, паўтараючы наступныя словы:
”Узвялічвае душа Мая Пана, і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Маім Збаўцу”. (Лк, 1:46-47). Дзякуй Табе, Божа, за ўсе Твае ласкі.
ВЫКАНАЙ ПАКУТУ, якую ты атрымаў ад святара падчас споведзі, і памятай, што найвялікшым знакам добрай споведзі з’яўляецца перамена твайго жыцця да лепшага.