www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Неміровічы

Гісторыя ўселюбскага касцёла вельмі цесна звязана з гісторыяй самога мястэчка, якое ў старажытныя часы было родавай маёмасцю знакамітай магнацкай фаміліі Неміровічаў. Гэты касцёл стаў сімвалам новага жыцця для яго заснавальнікаў.

Пасля Грунвальдскай бітвы (1410), падчас якой войскі Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага атрымалі перамогу і разграмілі Тэўтонскі ордэн, у 1413 годзе была падпісана Гарадзельская ўнія, па якой літоўскія баяры, якія пераходзілі ў каталіцкую веру, былі прынятыя ў гербавае братэрства польскай шляхты. Літоўскія баяры атрымоўвалі правы польскай шляхты, а таксама – польскія гербы. Сярод 48 літоўскіх родаў, падпісаўшых гэты акт аб адопцыі, быў і першы прадстаўнік роду Неміровічаў – Ян Няміра, дыпламат, канюшый вялікага князя Вітаўта (1398), намеснік полацкі (1412-1413). Ян Няміра атрымаў свой герб "Ястршэмбец" ад самаго ўладальніка гербу – біскупа кракаўскага і канцлера Вялікай Кароны, будучага прымаса Польшчы Войцэха Ястршэмбеца. Вядома, што такой вялікай пашаны вышэйшага духавенства мог быць варты толькі чалавек сапраўды веруючы і адданы Богу. Да гэтага выдатнага герба адносяць 1108 родаў.

Новы каталік Ян Няміра адразу ж распачаў будаўніцтва касцёла ў атрыманых ім ад вялікага князя землях ва Ўселюбе (узгадваецца ў 1422 г.). Сімвалічна для Неміровіча было і тое, што новы касцёл быў асвечаны ў гонар святога Яна Хрысціцеля, яго нябеснага апекуна (прыкладна ў 1433 годзе). У некаторых крыніцах касцёл таксама ўзгадваўся як касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Першае пісьмовае сведчанне пра існаванне парафіі датуецца 1489 годам, сярод сведкаў аднаго дакумента згаданы ўселюбскі плябан Багуслаў.

Ян Няміра і надалей яго сыны і ўнукі адыгрывалі важную ролю не толькі ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага, але і ў лёсе самой каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Так Мікалай Неміровіч, сын Яна Няміры, запрасіў на княжанне ў ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка (1440). За тое, што Неміровічы аказвалі паспяховыя намаганні для панавання дынастыі Ягелонаў у Вялікім княстве Літоўскім, вялікі князь і потым і кароль Польшчы (з 1447) шчодра адорваў гэты род зямельнымі ўладаннямі. У гэтыя часы Неміровічам таксама быў падараваны і Нясвіж, дзе Неміровічы заснавалі першы касцёл (1445). У 1446 годзе чацьвёрты сын Яна Няміры – таксама Ян Неміровіч – праводзіў дамовы з домам Габсбургаў наконт шлюба Казіміра IV Ягелончыка з Эльжбэтай Аўстрыйскай з дому Габсбургаў (1453, Уроцлаў), за што кароль ізноў шчодра ўзнагародзіў Неміровічаў новымі шматлікімі землямі. Праз разнастайныя шлюбы Неміровічы парадніліся з такімі магнацкімі родамі як Кішкі і Радзівілы, Ільінічы, Глінскія, Давойны і іншыя. Праўнучка Яна Неміровіча Ганна Кішка выйшла замуж за Яна Радзівіла Барадатага і ў іх нарадзіўся сын Мікалай Радзівіл Чорны, будучы знакаміты пратэстант. Сёнішнія нашчадкі Неміровічаў жывуць у Варшаве.

герб "Ястршэмбец"

Кароль Польшы і вялікі князь літоўскі Казімір IV Ягелончык (1427-1492)

3D мадэль першапачатковага выгляду касцёла

Пратэстанты

Рэфармацыя (1517), якая адбылася ў Еропе і набірала абароты, дасягнула зямель Вялікага княства Літоўскага ў 1535 годзе. Самым папулярным напрамкам пратэстантызму на гэтых землях быў кальвінізм. А самым папулярным пратэстантам таго часу быў магнат Мікалай Радзівіл Чорны, ваявода віленскі, канцлер ВКЛ, які не шкадаваў ніякіх сродкаў і ўплываў у яго распаўсюджванні. Ён адкрыў пратэстанскія малельні ў Нясвіжы, Клецку, Воршы, Ашмянах, Іўе, Койданава, Бярэсце, Віцебску, Гарадзее, Заслаўі, Мінску, Слуцку, Смаргоні. Для распаўсюджвання ідэй кальвінізму Мікалай Радзівіл Чорны пабудаваў друкарні ў Бярэсце і Нясвіжы, а таксама заснаваў кальвіністскія школы ў Вільне, Навагрудку, Нясвіжы, Слуцку, Воршы і Ашмянах.

У 1560-х Навагрудчына стала аплотам радыкальных напрамкаў пратэстантызму – арыян (Любча, Іўе, Клецк) і сацыніян (Наваградак, Іўе, Клецк, Любча, Нясвіж).

Пасля выгнання з Польшчы Карла Густава (1650-я), пратэстантызм там пачынае слабець. Беглыя з Польшчы пратэстанты асядалі на землях ВКЛ і ў Прусіі. У Вялікім княстве Літоўскім пратэстантызм пайшоў на спад толькі тады, калі пратэстанты страцілі падтрымку Радзівілаў (Януш Радзівіл памёр, а Багуслаў Радзівіл перасяліўся ў Прусію). Пратэстанты пачалі вяртацца ў каталіцызм.

Апошнім уладальнікам Уселюба з роду Неміровічаў быў Станіслаў Давойна, праўнук Фёдара Неміровіча, сына Яна Няміры. Станіслаў не заставіў нашчадкаў, быў бяздзетны, а яго ўдава Барбара Саламярэцкая прадала Ўселюб Мікалаю Радзівілу Рудому (1573), які ператварыў касцёл у кальвінскі збор (1576). Нягледзячы на тое, што пачатак 1600-х гадоў - гэта быў росквіт пратэстантызму ў ВКЛ, у 1642 годзе ўселюбскі касцёл намаганнямі каталіцкага біскупа Давойны быў вернуты католікам па рашэнню трыбунала Рэчы Паспалітай. Вернуты касцёл асвяцілі пад тытулам святога Казіміра. Па-першае, святы Казімір у тыя часы быў вельмі папулярным святым на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага (яго кананізація адбылася ў 1602 годзе, а ў 1613 годзе ён быў абвешчаны нябесным заступнікам ВКЛ, а ў 1636 годзе – нябесным заступнікам ВКЛ і Польшчы), па-другое, святы Казімір быў сынам Казіміра IV Ягелончыка, якому так аддана служылі Неміровічы.

Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584)

Мікалай Раздзівіл Хрыстафор Чорны (1515-1565)

О’Руркі

О’Руркі – прамыя нашчадкі першых хрысціянскіх каралей Ірландыі і дынастыі О’Руркаў (вядомая з XI ст.), графы – валодалі Ўселюбам з 1820 года. Расійскі Імператар Аляксандр І падарыў Ўселюб з зямельным надзелам у 4,5 тыс. дзесяцін (4,9 тыс. га) графу Юзэфу Карнэліевічу О’Рурку за выдатныя ваннныя заслугі падчас руска-турэцкай (1806-1812) і Напалеонаўскіх войнаў (1812-1815).

У 1641 годзе ў Ірландыі распачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне карэнных ірландцаў-каталікоў супраць каланізацыі Ірландыі англічанамі (пратэстантамі), якую праводзілі Цюдоры, а потым і Сцюарты. О’Руркі, як і іншыя прадстаўнікі каталіцкай арыстакратыі (феадалы), актыўна падтрымлівалі паўстанне, удзельнічалі ў заснаванні Каталіцкай федэрацыі Ірландыі (1642). Пасля жорсткага падаўлення паўстання Оліверам Кромвелем (1649-1652), землі О’Руркаў былі цалкам канфіскаваныя, а самі прадстаўнікі дынастыі збеглі ў Францыю, атрымаўшы пратэкцыю і заступніцтва каталіцкага караля Людовіка XIV. Пасля паражэння караля-каталіка Якуба ІІ Сцюарта ў бітве за ірландскі трон з ягоным зяцем-пратэстантам Вільгельмам Аранскім на рацэ Бойн (1690), О’Руркі канчаткова аселі на кантыненце.

Такім чынам сэр Брайян О’Рурк Малодшы пасяліўся ў Францыі і ўступіў у французскае войска. Яго ўнукі, браты графы Джон і Карнэліус О’Рурк, сыны афіцэра Оўэна О’Рурка, якія знаходзіліся на ваеннай службе ў караля Францыі Людовіка ХV, у 1760 годзе былі запрошаныя імператрыцай Альжбэтай Пятроўнай на ваенную службу ў Рускую імператарскую армію. Сын Карнэліуса, Джозэф (Юзаф) О’Рурк таксама служыў у рускім войску, за выдатныя заслугі даслужыўся да звання генерал ад кавалерыі (1841), меў шматлікія ваенныя ўзнагароды (ордэн св. Георгія, ордэн св. Ганны, ордэн св. Ўладзіміра, ордэн св. Аляксандра Неўскага, ордэн Краснага арла, ордэн Мяча і іншыя). Наогул, сярод прадстаўнікоў роду О’Рурк дынастыя налічвае 8 генералаў і чыноўнікаў генеральскага ранга.

Пасля 1820 года Джозэф пасяліўся ва Ўселюбе і вёў жыццё землеўладальніка. Ён і стаў асноўным ахвярадаўцам касцёла святога Казіміра. На той час парафія налічвала 2355 вернікаў. Сярод памешчыкаў О’Рурк вызначаўся сумленнасцю, лагоднасцю, розумам, спагадлівасцю да чужой бяды і, наогул, рэдкімі душэўнымі якасцямі. У 1848 годзе імператар дазволіў яму захаваць тытул ірландскіх графаў, а ў 1849 годзе Джозэф памёр. Граф быў пахаваны ў капліцы, якую ён пабудаваў ля касцёла святога Казіміра (1837).

Жонкай Джозэфа О’Рурка была Эміліі Феліцыянаўне Піляўскай, дачцы луцкага памешчыка. У шлюбе з ёй меў 6 сыноў – Аляксандра, Патрыцыя, Канстанціна, Міхаіла, Мікалая, Апалона і дачку Александрыну.

Падчас вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. граф Канстанцін О’Рурк, на чале з іншымі 26 каталіцкімі памешчыкамі і 20 прадстаўнікамі шляхты Навагрудскага павета ўдзельнічаў у паўстанні. Пасля падаўлення паўстання, у адрозненні ад іншых землеўласнікаў, якія былі высланы на катаргу і пазбаўленыя сваёй маёмасці і дваранства, граф О’Рурк быў пакінуты на сваім месцы жыхарства пад паліцэйскім наглядам, і пасля павінен быў выплаціць залог у памеры 5700 рублёў серабром, каб не пазбавіцца сваёй маёмасці. Цалкам маёнтак ва Ўселюбе атрымалася выкупіць з залога ахоўнай казны ў Санкт Пецярбургу толькі графу Карлу Мар’яну Аляксандру О’Рурку, ўнуку Джорджа О’Рурка - роднага брата Джозэфа О’Рурка, ў 1911 годзе.

Граф Карл Мар’ян Аляксандр (1864-1946) быў вядомы сярод мясцовых жыхароў як граф Караль, быў жанаты на графіне Марыі Тышкевіч, якая памерла ў Варшаве ў 1926 годзе. Шлюб іх быў бяздзетны. Аўдавелы граф быў ганарова прызначаны камергерам Папы Рымскага і займаўся дабрачыннасцю. Ва Ўселюбе развіваў лесатэхнічную галіну сваёй гаспадаркі. На ўласныя грошы прыбудаваў званіцу да касцёла святога Казіміра (1898). У 1913 годзе ўселюбская парафія налічвала 2856 вернікаў. Ірландзец таксама дапамагаў сродкамі і праваслаўнай царкве, а другі паверх свайго радавога маёнтка граф Караль аддаў мясцовай бальніцы. У 1897 годзе ён быў міравым суддзёй, у 1902-1914 гадах – ганаровым міравым суддзёй і членам павятовага з’езда, членам Савета Навагрудскага дабрачыннага таварыства (як папячыцель прытулку), з 1914 года – членам павятовага камітэта Расійскага Таварыства Чырвонага Крыжа. У спісах па выбарах за 1912 граф Карл О’Рурк паказаны як уладальнік 7855 дзесяцін (8562 га) зямлі ў Навагрудскім павеце. Пасля прыходу савецкай ўлады на Навагрудчыну ў 1939 годзе графскі маёнтак і землі былі канфіскаваныя, а сам граф Караль восенню 1939 года разам са стрыечнай сятрой Эльвірай былі арыштаваныя і адпраўленыя ў Навагрудак. Эльвіра памерла ад хваробы, а Карл быў асуджаны і сасланы ў Сібір. Старажылы Ўселюба ўспамінаюць графа з вялікай пашанай за яго дабрыню і шчодрасць. Кажуць, што калі бальшавікі вывозілі яго з радавога маёнтка, ён пакланіўся мясцовым жыхарам. Карл О’Рурк памёр і пахаваны ў Польшчы ў 1946 годзе ў горадзе Цэхацінцы.

Яшчэ адна знакамітая асоба з роду О’Руркаў – стрыечны брат Карла О’Рурка і саўладальнік суседняга маёнтка Басін Эдвард Аляксандр Ўладыслаў О’Рурк (1876-1943) – рэлігійны дзеяч, біскуп Рыгі і Гданьска. Скончыў езуітскую школу ў Чыруве, вучыўся ў Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), Рызе (Латвія), Фрайнбурзе (Швейцарыя), Інсбруку (Аўстра-Венгрыя). Вывучаў камерцыю, права, тэалогію, замежныя мовы. У 1908 годзе ён быў пасвечаны ў святары ў Вільне, а потым як прафесар касцёльнай гісторыі, нямецкай і французскай моў выкладаў у семінарыі рыма-каталіцкай архіепархіі Мінска-Магілёўскай, якая знаходзілася ў Санкт Пецярбургу. З 1918 года – біскуп Рыгі, з 1925 года – біскуп Гданьска (Данцыга). Памёр у Рыме ў 1943 года. У 1972 годзе яго прах перапахавалі ў епіскапскай капліцы аліўскай кафедры ў Гданьску.

Герб сям'і О'Рурк

Граф Джозэф О'Рурк (1772-1849)

Біскуп Эдвард О'Рурк (1876-1943)

Біскуп Эдвард О'Рурк - удзельнік выканаўчага камітэта Рады Польскай, зямлі Мінскай

Сядзіба О'Руркаў ва Ўселюбе, пачатак XX ст.

Касцёл, 1901 год

Касцёл, 1914 год

Касцёл, 1920 год

Касцёл, 1930 год

Ксёндз Юзаф Кучынскі

З 1937 г. пробашчам уселюбскай парафіі быў кс. Юзаф Кучынскі, якога ў 1942 г. расстралялі фашысты за ўкрыванне яўрэйскіх дзяцей.

Кс. Юзаф Кучынскі нарадзіўся ў 1879 г. каля Свянцянаў на Віленшчыне, вывучаў тэалогію і філасофію ў Віленскай духоўнай семінарыі, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1903 г. Святарскае служэнне выконваў у парафіях Дамброва (недалёка ад Сакулкі, Польшча), на землях Беларусі ў Парэччы, Лідзе, Дзятлаве і Кобрыне. Атрымаў ступень доктара навук ва фрыбургскім універсітэце Фрыбургу ў Швейцарыі. У 1910 г. за арганізацыю тайнай польскай школы расійскія ўлады пазбавілі яго права займаць пасаду пробашча. У 1919–1921 гг., падчас польска-савецкай вайны, быў святаром-добраахвотнікам Польскага войска. З 1937 г. служыў пробашчам у парафіі Ўселюба.

Летам 1942 г. кс. Юзаф хаваў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яўрэйскіх дзяцей і палякаў разам з пробашчам парафіі св. Міхала ксяндзом-дэканам Міхалам Далецкім з Навагрудка. За дапамогу беглым яўрэям і палякам святар быў арыштаваны гітлераўцамі 29 чэрвеня 1942 г. і пасаджаны ў вязніцу ў Навагрудку. 31 ліпеня 1942 г. кс. Юзаф Кучынскі быў расстраляны разам з кс. Міхалам Далецкім і 60-цю палякамі з Навагрудка. Падчас расстрэлу айцец Юзэф і ксёндз дэкан Міхал спявалі «U drzwi Twoich stoję, Panie» («Пад Твае прыходзім дзверы»), падтрымліваючы дух людзей, якія знаходзіліся на парозе смерці. Месца іх расстрэлу знаходзіцца ў раёне вёскі Скрыдлева каля Навагрудка. Пасля эксгумацыі ахвяраў 15 сакавіка 1945 г. парафіяне перавезлі цела кс. Юзафа Кучынскага на могілкі ва Ўселюб. Дзякуючы намаганням парафіянаў тут быў пастаўлены каменны помнік.

Ксёндз Юзаф Кучынскі (1879 - 1942)

Магіла ксяндза Юзафа Кучынскага ва Ўселюбе
(каля касцёла)

Савецкі час

У гады савецкай улады ўселюбская парафія была знятая з рэгістрацыі (1960), а касцёл св. Казіміра выкарыстоўваўся як збожжасховішча, а пазней як спартыўная і танцавальная зала, на плябаніі размяшчаўся дзіцячы садок. Частку рэчаў з касцёла вернікі змаглі вынесці і схаваць у сваіх дамах. Частка рэчаў была схаваная.

Захавалася гісторыя пра тое, як малады фізкультурнік радасна прымацоўваў у касцёле «шведскую сценку» і, азірнуўшыся, убачыў у галоўным алтары жанчыну ў белым адзенні, якая моўчкі са смуткам пазірала на яго. Пасля гэтага выпадку настаўнік адмовіўся праводзіць заняткі ў касцёле і расказваў пра гэты выпадак як пра аб'яўленне Маці Божай.

У 1962 г. нехта падпаліў святыню, мясцовая ўлада забараніла людзям тушыць полымя. Пажар знішчыў верхні ўзровень вежы, дах, сістэму перакрыццяў асноўнага аб'ёма, прэзбітэрый і паўночную сакрыстыю. Рамонтам архітэктурнага помніка ніхто не займаўся.

Выгляд касцёла ў 1979 годзе

Плябанія ў 1979 годзе

Сучаснасць

У 1980-я гады праводзіліся архітэктурныя і археалагічныя даследаванні помніка. У 1988 г. касцёл был перададзены вернікам, якія пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі ксяндза Антонія Дзям'янкі адбудавалі святыню. У 1988 – 1991 гг. касцёл рэстаўравалі і 14 верасня 1991 г. ён быў асвечаны біскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

У 2002 г. намаганнямі пробашча ксяндза Януша Карася з Польшчы перад уваходам у касцёл была пабудавана каплічка-грот з фігураю Маці Божай Люрдскай і фігурай святой Бэрнадэты.

У 2005 г. былі адноўленыя алтары касцёла: галоўны — з Укрыжаваннем, і левы бакавы — з Маці Божай.

У 2017 г. у 100-гадовы юбілей аб'яўленняў Маці Божай з Фацімы касцёлу была ахвяравана фігура Маці Божай Фацімскай, прывезеная з Партугаліі. У гэтым жа годзе пацыенты лячэбна-працоўнага прафілакторыя, які знаходзіцца на тэрыторыі парафіі, намалявалі копію абраза Маці Божай з Балоньі (Італія).

У 2018 г. ахвярадаўцы з Польшчы падаравалі святыні фігуру Маці Божай Новага Жыцця, а таксама правы бочны алтар у гонар святога Казіміра. Дзякуючы ахвярадаўцам з Партугаліі з'явіўся абраз Маці Божай, якая развязвае вузлы, фігуры святой Рыты, святога Антонія Падуанскага, святога айца Піо і абраз святой Фаўстыны Кавальскай.

Цяпер уселюбская парафія налічвае каля 200 вернікаў.

2014 год

2015 год

2018 год

Архітэктура касцёла

Касцёл св. Казіміра з'яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Святыня захавала сваё гатычнае аблічча пачатку XV стагоддзя. Белакаменны будынак, памерамі 23,5х13 метраў, мае даволі вялікі прэзбітэрый з усходняга боку, які заканчваецца апсідай. Такі архітэктурны тып часта сустракаецца ў дойлідстве Скандынавіі (Латвія — Ікшкіле; Эстонія — Рысці) XIII — першай паловы XIV стагоддзяў.

Касцёл cв. Казіміра ва Ўселюбе з'яўляецца таксама помнікам мастацкага супрацоўніцтва беларускіх земляў з заходнееўрапейскімі краінамі XIV – XV стагоддзяў і важным звяном у эвалюцыі культавага дойлідства Беларусі перыяду «ранняй» усходнееўрапейскай готыкі.

Першапачатковы выгляд святыні не захаваўся. Магчыма, гэта быў прамавугольны залавы бязвежавы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на ўсход, з адной сакрыстыяй з паўночнага боку. Сцены касцёла былі ўмацаваныя контрфорсамі. Памеры тагачаснага будынка складалі 12,8 х 9,8 метраў. Вонкавыя сцены былі выкладзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай светла-чырвонай цэглы памерам 28–29х13–14х8–9 см на вапнава-пясчанай рошчыне. На бакавых гранях некаторых цаглінаў ёсць сеткавы арнамент. Падмуркі складзены з неапрацаваных вялікіх і сярэдніх валуноў. Трываласць падмурка ад старажытнага ўзроўню зямлі, г.з.н. да глыбіні 1,1 м ад падэшвы, роўная 1,6–2 м. У ніжняй частцы падмуркаў першыя два рады валуноў былі пакладзены насуха.

У сярэдзіне XVI ст. тагачасны ўласнік Уселюба, полацкі ваявода Станіслаў Давойна, зафундаваў бакавыя алтары касцёла — Найсвяцейшай Тройцы (1543) і св. Юрыя (1545). Калі ў 1573-1576 гг. касцёл быў ператвораны ў кальвінскі збор, быў надбудаваны верх апсіды, а асноўны аб'ём касцёла перакрыты драўлянай столлю на бэльках. Аднавілі скляпенне і прэзбітэрый.

У 1710-я гады да галоўнага ўваходу дабудавалі крухту, на дзвярах якой быў намаляваны св. Міхал Арханёл. Касцёл упрыгожвалі тры алтары, створаныя па фундацыі наваградскага кашталяна Антонія Навасельскага. Галоўны алтар увасабляў Укрыжаванне, левы алтар — св. Казіміра (з абразом Маці Божай), правы — св. Яна Хрысціцеля. Пазней быў таксама ўсталяваны чацвёрты алтар — св. Антонія. 1 лістапада 1788 г. адноўленую святыню асвяціў канонік інфляндскі і смаленскі ксёндз Тадэвуш Лапа.

У 1789 годзе падчас навальніцы згарэў дах касцёла, але ў 1790 г. святыня была рэканструяваная. Галоўны фасад набыў неагатычны выгляд. Была дададзена драўляная стромкая двух'ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая вежа-званіца з трыма званамі: вялікім, сярэднім і малым. Тэрыторыя вакол святыні была абнесена драўлянай агароджай. У той жа час была пабудавана паўднёвая сакрыстыя і на хорах усталяваны арган на 10 галасоў.

У 1791 г. прафесар Віленскай акадэміі айцец Філіп Галяньскі (а. піяр з Ордэну Пабожных Школаў) з мэтай падтрымаць вернікаў і ўмацаваць іх веру ахвяраваў парафіі драўляны крыж. Ордэн Пабожных Школаў (піяры) — законная супольнасць святароў і братоў, заснаваная ў Рыме св. Юзафам Каласансам у ХVII ст. Асаблівым заданнем ордэну з'яўляецца выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі, школьная адукацыйная дзейнасць, клопат пра ўбогіх і занядбаных, фармацыя бацькоў.

У канцы XVII ст. у паўночнай сцяне будынка было зроблена акно, змененыя форма і памеры іншых акон. Дах касцёла абабілі гонтай. У 1788 г. была пабудаваная крыпта. У пачатку ХІХ ст. у цэнтры фасада заходняй сцяны з'явіўся бабінец. Да галоўнага фасаду прыбудавалі трох'ярусную вежу, што канчаткова змяніла першапачатковы выгляд касцёла.

У 1930-х гадах дах будынка быў накрыты бляхаю, касцёльную тэрыторыю абнеслі бутавай агароджаю з трохпралётнай уваходнай брамаю перад франтонам святыні.

Чарцёж касцёла, 1433 года

Від зверху, 1433 года