www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Асноўныя малітвы
Сімвал веры

Веру ў Бога, Айца Ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, адзінасутнага Айца, праз Якога ўсё сталася. Ён дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце, быў замучаны і пахаваны. І на трэці дзень уваскрос паводле Пісання, і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца. Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, Які з Айца і Сына паходзіць, Якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала; Які прамаўляў праз прарокаў. Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэння грахоў і чакаю ўваскрашэння памерлых і жыцця вечнага ў будучым свеце. Амэн.

Апостальскі сімвал веры

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрасенне цела, жыццё вечнае. Амэн.

Ойча Наш

Ойча наш, Каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн. Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому. Як было спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Вітай, Марыя

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, блаславёная Ты паміж жанчынамі і блаславёны плод улоння Твайго Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Хвала Айцу

Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому. Як было спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Ружанец
"Дарагія дзеці! Сёння Я заклікаю вас з’яднацца з Езусам у малітве. Адкрыйце Яму сваё сэрца і аддайце Яму ўсё, што ў ім ёсць: радасць, смутак, хваробы. Няхай гэты час будзе для вас жыватворным. Маліцеся дзеткі, і няхай кожная хвіліна вашага жыцця належыць Езусу. Я з вамі і Я хадатайнічаю за вас. Дзякую, што адказалі на Мой заклік!”
Пасланне Багародзіцы ў Меджугор'і, 25.03.2002 года
"…Я заклікаю ўсіх святароў, манахаў і манахінь чытаць малітву на Ружанцы і вучыць гэтай малітве іншых. Ружанец, дзеткі, для Мяне асаблівая пашана. Адчыняйце Мне свае сэрцы ў малітве на Ружанцы, і Я змагу вам дапамагчы. Дзякуй, што адказалі на Мой заклік!"
Пасланне Багародзіцы ў Меджугор'і, 25.08.1997 года

Слова “Ружанец” азначае “вянок з ружаў”. Вянкамі з кветак шанавальнікі Найсвяцейшай Панны Марыі заўсёды любілі аздабляць Яе выявы. Але Ружанец ўяўляе сабой яшчэ больш каштоўны вянок, сплецены з малітваў і разважанняў.

Класічны Ружанец складаецца з закальцованых 5 набораў з 10 малых пацерак і адной вялікай, а таксама з 3 малых і 1 вялікай пацерак і Крыжа.

Паводле падання, Сама Маці Божая аб’явілася святому Дамініку (1214 г.) і навучыла яго малітве на Ружанцы. Ужо ў XVI ст. Ружанец быў шырока распаўсюджаны сярод вернікаў. Папа Рыгор XIII прызнаў нябеснае паходжанне гэтай малітвы, а Папа Клемент XI увёў свята Найсвяцейшай Панны Марыі – Каралевы Ружанца, якое адзначаецца вернікамі 7 кастрычніка. Папа Пій IX назваў Ружанец “малым Евагеллем”. Папа Леў XIII бачыў у Ружанцы самую надзейную зброю супраць бедстваў і небяспекі свайго часу. Калі Найсвяцейшая Панна аб’явілася ў Фаціме ў 1917 годзе, Яна назвала Сябе “Каралевай Ружанца” і настойліва прасіла чытаць гэтую малітву штодня.

Ружанец – гэта спалучэнне вуснай малітвы і малітвы ў думках, якая здзяйсняецца пры дапамозе пацерак: мы разважаем над асноўнымі падзеямі жыцця Езуса і Марыі і чэрпаем з іх настаўленні, а да разважанняў над кожнай падзеяй дадаем вусныя малітвы “Ойча наш”, “Вітай, Марыя”, “Хвала Айцу” і асаблівыя кароткія малітвы. Увесь Ружанец ахоплівае 20 падзеяў, або таямніц, з якіх 5 Радасных – з дзяцінства Езуса Хрыста, 5 Светлых – пра Ягоны подзвіг паступовага ўзвышэння на Крыж, 5 Балесных – якія адносяцца да мукі і смерці Хрыста, і 5 Хвалебных – якія нагадваюць пра вечную славу Езуса і Марыі на нябёсах. Такім чынам, Ружанец падзяляецца на 4 часткі, кожная з якіх мае па 5 тэм для разважання, якія называюць “таямніцамі”.

Таямніцамі моляцца:
Панядзелак: Радасныя таямніцы
Аўторак: Балесныя таямніцы
Серада: Хвалебныя таямніцы
Чацвер: Таямніцы Святла
Пятніца: Балесныя таямніцы
Субота: Радасныя таямніцы
Нядзеля: Хвалебныя таямніцы

ПАРАДАК ЧЫТАННЯ МАЛІТВЫ НА РУЖАНЦЫ

Напачатку мы бярэм у рукі крыж, робім на сябе знак Крыжа і чытаем “Апостальскі сімвал веры”. Затым бярэцца першая вялікая пацерка і чытаецца “Ойча наш…”. На трох наступных (малых пацерках) – 3 разы “Вітай, Марыя…” (просім аб памнажэнні веры, надзеі, любові), 1 раз “Хвала Айцу…”. Пасля гэтага называем частку Ружанца і першую таямніцу. На вялікай пецерке чытаецца “Ойча наш…”, на маленькіх – 10 разоў “Вітай, Марыя…”. Напрыканцы кожнай таямніцы вымаўляецца “Хвала Айцу…” і далучаюцца малітоўныя заклікі (з Фацімскіх аб’яўленняў):

О Марыя, без граху першароднага зачатая! Маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае! О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

ТАЯМНІЦЫ РАДАСНЫЯ

Таямніца 1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі (Лк 1,26-38)
Таямніца 2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбэты (Лк 1, 39-56)
Таямніца 3. Нараджэнне Езуса Хрыста (Лк 2, 1-20)
Таямніца 4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні (Лк 2, 21-39)
Таямніца 5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні (Лк 2, 40-52)

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

Таямніца 1. Хрост Езуса ў Ярдане (Ян 1, 29-34; Лк 3, 21-22; Мц 3, 13-17; Мк 1, 9-11)
Таямніца 2. Езус аб'яўляе Сябе на вяселлі ў Кане Галілейскай (Ян 2, 1-11)
Таямніца 3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання (Мц 5, 2-12; Мц 5, 13-16; Мц 20, 1-16; Мц 25, 1-13)
Таямніца 4. Перамяненне Езуса на гары Табор (Мц 17, 1-13)
Таямніца 5. Устанаўленне Эўхарыстыі (Мц 26, 20-30)

ТАЯМНІЦЫ БАЛЕСНЫЯ

Таямніца 1. Малітва Езуса ў садзе Аліўным (Мк 14, 32-42)
Таямніца 2. Бічаванне Езуса (Ян 19, 1; Мк 14, 65 - Мк 15, 15)
Таямніца 3. Укаранаванне Езуса цернем (Мк 15, 16-20; Ян 19, 2-3)
Таямніца 4. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую (Лк 23, 26-31; Мк 15, 21)
Таямніца 5. Укрыжаванне і смерць Езуса (Лк 23, 32-49)

ТАЯМНІЦЫ ХВАЛЕБНЫЯ

Таямніца 1. Уваскрасенне Езуса Хрыста (Ян 20, 1-9)
Таямніца 2. Унебаўшэсце Езуса Хрыста (Мк 16, 19; Лк 24, 50; Дзеі 1, 6-11)
Таямніца 3. Спасланне Духа Святога (Дзеі 1, 13-14; 2, 1-7)
Таямніца 4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
Таямніца 5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

МАЛІТВА ПАСЛЯ РУЖАНЦА

На заканчэнні малітвы на Ружанцы можна прачытаць Літанію Ларэтанскую Панне Марыі або толькі антыфон “Пад Тваю абарону аддаемся…” і малітву:

Божа, Твой Адзінародны Сын Сваім жыццём, смерцю і ўваскрасеннем адарыў нас скарбам вечнага збаўлення. Дай нам, молім Цябе, каб разважаючы над гэтымі таямніцамі Яго жыцця ў Найсвяцейшым Ружанцы, мы маглі наследаваць тое, што ў іх змешчана, і атрымаць тое, што ў іх абяцана. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Вяночак да Божай Міласэрнасці  
“Найбольш мілая Мне тая душа, якая моцна верыць у Маю дабрыню і цалкам Мне даверылася; Я адорваю яе Сваім даверам і даю ёй усё, аб чым яна просіць”.
Дзённік св. Фаўстыны, 453
СВЯТАЯ СЯСТРА ФАЎСТЫНА КАВАЛЬСКАЯ

Святая с. Фаўстына (Хэлена - ў хросце) Кавальская (1905 - 1938) нарадзілася ў беднай, але пабожнай шматдзетнай (10 дзяцей) сялянскай сям'і ў вёсцы Глогавец (Лодзь, Польшча). З дзяцінства Хэлена адрознівалася пабожнасцю, любоўю да малітвы, працавітасцю і паслухмянасцю, а таксама вялікай спагадлівасцю. Сваё пакліканне яна адчула ў душы, калі ёй было 7 год (за два гады да прыняцця першай Святой Камуніі), але бацькі не згаджаліся на яе паступленне ў кляштар. 16-цігадовай дзяўчынай яна пакінула бацькоўскі дом, каб, працуючы ў Лодзі, забяспечваць сябе і дапамагаць бацькам. Але Езус прызваў яе да асобай місіі, і 1 жніўня 1925 года яна пераступіла парог манастыра Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Варшаве. У 1926 годзе ў Кракаве яна паступіла ў навіцыят і атрымала імя Марыя Фаўстына, а у 1928 годзе склала першыя манаскія абяцанні. З таго часу ўсё яе жыццё засяродзілася на паслядоўным імкненні да найбольш поўнага злучэння з Богам і на ахвярнай дапамозе Езусу ў справе выратавання душ. На працягу 4-х гадоў у сваім “Дзённіку” сястра Фаўстына запісвала спатканні сваёй душы з Богам. Яна памерла ва ўзросце 33 гадоў, 13 з якіх яна правяла ў манастыры, выконваючы даручаную ёй місію.

Святая с. Фаўстына, місіянерка Божай Міласэрнасці, прылічваецца багасловамі да аблічча найбольш значных містыкаў Касцёла. Езус выбраў Фаўстыну апосталам Сваёй Міласэрнасці да ўсяго свету, аб’явіўшыся ёй у візіі, і папрасіўшы яе намаляваць Яго абраз (“Езу, я давяраю Табе”). Гэта адбылося ў Плоцку (Польшча) 22 лютага 1931 года, калі Фаўстына малілася ў капліцы манастыра. На абразе Езус правай рукой бласлаўляе, а Ягоная левая рука дакранаецца да сэрца, з якога выплываюць 2 промні: чырвоны і белы. Чырвоны промень – гэта Кроў Езуса, белы промень – гэта вада, якія разліваюцца на ўвесь свет, як Крыніца Міласэрнасці. Позірк Езуса на абразе, як Ён Сам сказаў святой Фаўстыне, – гэта позірк, з якім Ён паміраў на Крыжы. Нягледзячы на тое, што людзі Яго ўкрыжавалі, Ён глядзіць на чалавецтва позіркам, поўным Любові і Міласэрнасці.

МІСІЯ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Першы абраз Езуса Міласэрнага быў намаляваны мастаком Яўгеніўшам Казіміроўскім у 1934 годзе, дзякуючы намаганням кс. Міхала Сапоцькі (1888 – 1975), духоўным кіраўніком с. Фаўстыны (з 1933 года). Абраз быў упершыню выстаўлены ў акне ўнутранай галерэі ў Вострай Браме (Літва) падчас Трыдуума Пасхальнага перад урачыстасцю заканчэння Юбілею Адкуплення свету 26-28 красавіка 1935 года. Гэтая ўрачыстасць супадала з першай нядзеляй пасля Вялікадня, якая, адпаведна з пажаданнямі Пана Езуса, выказанымі сястры Фаўстыне, павінна быць святам Божай Міласэрнасці.

Сястра Фаўстына пісала ў “Дзённіку”, што бачыла, як жывы Езус выйшaў з гэтага абраза і ішоў над горадам, a горад быў завешаны сеткаю і сецямі. “Калі Езус прайшоў, Ён прарваў усе сеці, а напрыканцы ўчыніў вялікі знак Святога Крыжа і знік”. (Дз. 416). У апошні дзень урачыстасцяў, калі святар удзяляў бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, с. Фаўстына зноў убачыла Езуса ў такой постаці, як на абразе. Ён удзяліў бласлаўленне, і праменні разышліся на ўвесь свет. Пазней абраз знаходзіўся ў віленскім касцёле святога Міхала Арханёла, рэктарам якога быў кс. Міхал Сапоцька. У 1956–1986 гг. абраз Езуса Міласэрнага захоўваўся ў парафіі Новая Руда, Гродзенскай дыяцэзіі (Беларусь), у 2005 годзе арыгінал быў перанесены ў касцёл Святой Тройцы ў Вільнюсе, які пачаў называцца Санктуарыем Божай Міласэрнасці. Другі абраз Езуса Міласэрнага быў намаляваны польскім мастаком Адольфам Хылай у 1943 годзе для сясцёр у Кракаве-Лагеўніках на знак падзякі за выратаванне ягонай сям’і падчас Другой сусветнай вайны. Трэці абраз Езуса Міласэрнага, найбольш распаўсюджаны па ўсім свеце, быў намаляваны Адольфам Хылай 260 разоў для касцёлаў Польшчы і ўсяго свету.

Падчас Сваіх візій, Езус навучыў Фаўстыну маліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці і загадаў, каб яна распаўсюдзіла гэтую малітву сярод людзей, а таксама, каб дабілася ўстанаўлення свята Божай Міласэрнасці ў наступную нядзелю пасля Пасхі. Езус ёй сказаў: “Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёй Міласэрнасцю. Я не хачу караць пакутуючае чалавецтва, але жадаю вылячыць яго, наблізіўшы да Свайго міласэрнага сэрца”. (Дзён. 1588). “Ты - сведка Маёй Міласэрнасці, Я цябе выбраў для гэтай справы ў гэтым і будучым жыцці” (Дзён. 1605), “(...) каб ты давала душам даведацца пра Маю вялікую Міласэрнасць да іх і вымушала іх да надзеі на Маю бяздонную Міласэрнасць”. (Дзён. 1567).

Справа абвяшчэння Божай Міласэрнасці фактычна распачалася ўжо пасля смерці с. Фаўстыны. Дзякуючы намаганням яе духоўніка, кс. Міхала Сапоцькі, быў распаўсюджаны культ абраза Езуса Міласэрнага, а разам з ім Вяночак, Навэна і Літанія да Божай Міласэрнасці. У 1959 годзе Святы Прастол забараніў культ. У 1965 годзе кардынал Караль Вайтыла, будучы папа, распачаў працэс бэатыфікацыі с. Фаўстыны Кавальскай, таму ў 1971 годзе дэкрэт аб забароне культу ад 1959 года быў адменены, і культ Божай Міласэрнасці пачаў распаўсюджвацца па свеце з новай моцай. 18 красавіка 1993 года Папа Ян Павал ІІ беатыфіцыраваў Фаўстыну Кавальскую, а ў 2000 годзе ён далучыў яе да аблічча святых. 17 жніўня 2002 года Папам Янам Паўлам ІІ быў асвечаны Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках у Кракаве. У гэты дзень Святы Айцец даверыў цэлы свет Божай Міласэрнасці.

Місія абвяшчэння таямніцы Божай Міласэрнасці ажыццяўляецца трыма спосабамі: учынкам, словам і малітвай. Усім, хто тым ці іншым чынам далучаецца да перадачы паслання, Хрыстос абяцае: “Душы, якія распаўсюджваюць шанаванне Маёй Міласэрнасці, Я абараняю на працягу ўсяго жыцця, як клапатлівая маці – сваё немаўля, і ў гадзіну смерці Я буду для іх не Суддзёю, а міласцівым Збавіцелем”. (Дз. 1075).

ПАРАДАК ЧЫТАННЯ ВЯНОЧКА ДА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Вяночак да Божай Міласэрнасці чытаецца на класічным Ружанцы. Напачатку мы бярэм у рукі крыж, робім на сябе знак Крыжа і чытаем 1 раз “Ойча наш…”., 1 “Вітай, Марыя…” і “Апостальскі сімвал веры”.

На вялікіх пацерках чытаецца малітва:

Ойча спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго, а Пана нашага Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету.

На малых пацерках чытаецца малітва:

10 х Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і ўсяго свету.

Напрыканцы Вяночка дадаюцца малітоўныя заклікі:

3 х Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі і ўсім светам.

3 х О Кроў і Вада, якая выцекла з Найсвяцейшага Сэрца Езуса як крыніца Міласэрнасці для нас, давяраем Табе.

3 х Езу, давяраем Табе.

Малітва да Мацi Божай Фацімскай  
“Абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі ласкамі да тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме Святую Камунію, адгаворыць адзін Ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога.”
Пасланне Маці Божай у Фаціме, 1917 год

13 мая 1917 г. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім дзецям. Праз іх Яна накіравала пасланне свету. Маці Божая заклікала да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзеннай малітвы на ружанцы), да прысвячэння кожнага з нас Яе Беззаганнаму Сэрцу. Прыняцце гэтых пажаданняў Маці Божай Папа Пій ХІІ назваў адзіным паратункам для свету.

НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ МЕСЯЦА – ПЕРАПРАШЭННЕ БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ

Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці “разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення”.

ЧАМУ ЎСТАНОЎЛЕНА МЕНАВІТА 5 ПЕРАПРАШАЛЬНЫХ СУБОТАЎ?

“Дачка мая, - сказаў Езус сястры Люцыі, - прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі”. Затым Збаўца назваў гэтыя знявагі:

1). Абраза Беззаганнага Зачацця
2). Абраза Яе Дзявоцтва
3). Абраза Яе Божага Мацярынства
4). Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыяквасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці.
5). Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.

Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзеннага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.

УМОВЫ ПЕРАПРАШЭННЯ БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ:

1). Споведзь у першую суботу месяца
2). Святая Камунія у першую суботу месяца
3). Ружанец перапрашэння (5 таямніцаў)
4). Разважанне над таямніцамі Ружанца (15 хвілін)

МАЛІТВА

О, Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэта маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвярую Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто дазваляе сабе апаганьваць Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер памаліцца гэты Святы Ружанец.

РУЖАНЕЦ ПЕРАПРАШЭННЯ ЗА ЗАНЯВАГІ, УЧЫНЕНЫЯ БЕЗЗАГАННАМУ СЭРЦУ МАРЫІ

Ён адгаворваецца так, як звычайны Ружанец, з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы “Вітай, Марыя…” дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя:

1. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце!
2. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва!
3. Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапарўднай Божай Маці!
4. Захавай і памнож у нас праслаўденне і любоў да Тваіх абразоў!
5. Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе!

МАЛІТВЫ АНЁЛА З ФАЦІМЫ

Перапрашальная

О, мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы на Неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць. (Чытаецца пасля кожнай таямніцы)

Праслаўленне Бога

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Амэн.

Да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы!

З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.

Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Амэн.

МАЛІТВА НА ЗАКАНЧЭННЕ

Каралева Ружанца Святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё Фацімскае пасланне – гэта праява мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш прывесці на неба.

Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну і Духу Святому за гэту поўную велічы Каралеву неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.

Малітва да Мацi Божай якая развязвае вузлы  

Каля 1610 года баварскі нобіль Вольфганг Лангенмантэль звярнуўся да аўгсбургскага езуіта Якуба Рэму з просьбай прымірыць яго з жонкай. Гэты святар быў знакаміты мудрымі парадамі і любоўю да Панны Марыі. Святар маліўся перад выявай Багародзіцы і сімвалічна развярнуў перад Дзевай Марыяй стужку і пачаў развязваць усе вузлы, якія ён сам завязаў (у Германіі раней была традыцыя выкарыстоўваць стужку, каб звязваць рукі сужонкаў на знак адзінства падчас Сакрамэнту шлюба). Пасля гэтай малітвы і па заступніцтву Панны Марыі муж і жонка жылі разам аж да самай смерці. Каля 1700 года па замове настаяцеля манастыра Іероніма Лангенмантэля (іх унука) быў намаляваны абраз Маці Божай, Якая развязвае вузлы, як пашана Панне Марыі за Яе заступніцтва (сёння абраз знаходзіцца ў касцёле св. Пятра ў Аўгсбурзе, Германія).

Марыя, наша Маці, развязвае ўсе нашыя вузлы: спакусы, пыху, нецярпеннні, зайздрасць, ляноту, пажаднасць, гнеў, сквапнасць, пасію, небяспеку, хваробы, сумненні, залежнасці і ўсе “вузлы”, якія перашкаджаюць нашаму адзінству з Богам.

Папа Францыск

У 1986 годзе аўгсбургскі абраз убачыў аргенцінскі святар Хорхэ Бергольо (будучы Папа Францыск). Знаходзячыся ў той момант пад цяжарам абставінаў, падрэ Хорхэ ўспрыняў сюжэт абраза як асабістае адкрыццё. Берогольо прывёз рэпрадукцыю карціны ў Аргентыну і папулярызаваў абраз такім чынам, што ў краіне ўзнік культ Марыі – вырашальніцы жыццёвых праблемаў.

МАЛІТВА

Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці цудоўнай любові, Маці, якая ніколі не пакідала дзіця, якое клікала на дапамогу, Маці, чые рукі без стомы працуюць дзеля яе любасных дзяцей, паколькі яны натхнёныя Божай любоўю і бясконцай міласэрнасцю, якія пераліваюцца цераз край Твайго сэрца, звярні на мяне погляд, поўны міласэрнасці. Паглядзі на ўсе вузлы, якія душаць маё жыццё. Ты ведаеш мой адчай і боль. Ты ведаеш, наколькі гэтыя вузлы скоўваюць мяне. Марыя, Маці Божая, Пан даручыў Табе развязваць вузлы ў жыцці Тваіх дзяцей, у Твае рукі я аддаю стужку майго жыцця. У Тваіх руках няма ніводнага вузла, каторы не мог бы быць развязаны. Вялікая Маці, у Тваёй ласцы і сіле Твайго заступніцтва перад Сынам Тваім Езусам, маім Збаўцам, прымі сёння гэты “вузел” (назваць)_________________. Дзеля хвалы Божай, прашу Цябе, развязаць яго, і развязаць назаўжды. Я спадзяюся на Цябе. Ты мая суцяшальніца, Ты моц маіх слабых сіл, багацце маёй галечы, вызваленне ад усяго, што перашкаджае мне быць з Езусам. Прымі мой кліч. Захавай мяне, вядзі мяне, абарані мяне. Ты маё надзейнае прыстанішча. Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Амэн.

НАВЭНА ДА МАЦІ БОЖАЙ, ЯКАЯ РАЗВЯЗВАЕ ВУЗЛЫ

Падрыхтоўка да малітвы:
1. Знак крыжа
2. Перапрасі за ўсе
свае грахі:Ад усяго сэрца .... ______________________Жадаю больш ніколі не здзяйсняць гэтыя грахі.
3. Памаліся першыя 3 дзясятка Ружанца
4. Пачытай разважанне навэны на гэты дзень.
5. Памаліся астатнімі 2 дзясятка Ружанца.
6. Напрыканцы памаліся малітвай да Маці Божай, якая развязвае вузлы.

Малітва да Маці Божай, якая развязвае вузлы(чытаць напрыканцы Ружанца)Маці Езуса і наша Маці, Найсвяцейшая Багародзіца! Ты ведаеш, што ў нашым жыцці ёсць шмат вялікіх і малых “вузлоў”. Мы адчуваем сябе падушанымі, прыгнечанымі і знямоглымі ў вырашэнні сваіх праблем. Мы давяраем Табе, Маці Свету і Міласэрнасці. Мы звяртаемся да Бога Айца праз Езуса Хрыста ў Святым Духу разам з усімі анёламі і святымі. Марыя, укаранаваная дванаццаццю зоркамі, якая раздушыла галаву змею і якая не дазвалае, каб мы паддаліся спакусе злымі духамі, вызвалі нас ад любога прыгнёту, заблытанасці і няўпэўненнасці. Пашлі нам Сваю ласку і Сваё святло, каб у цемры, якая нас акружае, мы маглі выбраць верны шлях.

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ:

Найсвяцейшая Панна Марыя, любімая! Святая Марыя, якая развязвае вузлы, якія прыгнятаюць Тваіх дзяцей! Працягні да мяне Свае міласэрныя рукі. Я аддаю Табе сёння гэты "вузел" (назваць) і той негатыўны след, які ён пакінуў у маім лёсе. Я аддаю Табе гэты "вузел", які мяне турбуе, робіць няшчаснай(-ым) і замінае мне злучыцца з Табой і з Тваім Сынам, маім Збаўцам. Я звяртаюся да Цябе, таму што давяраю Табе і ведаю, што Ты ніколі не адмовішся ад свайго грэшнага дзіцяці, якое просіць Цябе аб дапамозе. Я веру, што Ты зможаш развязаць гэты вузел, таму што Ты мая Маці. Я ведаю, што Ты зробіш гэта, таму што любіш мяне вечнай любоўю. Дзякую Табе, мая любімая Мама! Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Хто шукае ласкі, знойдзе яе ў руках Марыі.

ДРУГІ ДЗЕНЬ:

Любімая, поўная ласкі Маці Марыя! Маё сэрца цягнецца да Цябе. Я не спадзявалася(-ўся) на Тваю літасць з-за маіх грахоў: эгаізму, гневу, няшчырасці і недахопу пакоры. Я вызнаю, што грэшная(-ы). Я маю патрэбу ў Табе. Я звяртаюся да Цябе сёння, каб Ты выпрасіла для мяне ў Сына Свайго Езуса чысціню сэрца, самаадрачэнне, давер і пакору. Я буду жыць гэтымі каштоўнасцямі сённяшні дзень - ахвярую іх Табе, як знак маёй любові. Я аддаю гэты «вузел» (назваць) у Твае рукі, бо ён перашкаджае мне ўбачыць хвалу Пана майго Езуса Хрыста. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Марыя ахвяравала Богу кожнае імгненне свайго жыцця.

ТРЭЦІ ДЗЕНЬ:

Заступніца мая, Панна неба, у чыіх руках знаходзяцца ўсе багацці Нябеснага Пана! Звярні на мяне Свае міласэрныя вочы. Аддаю ў Твае рукі гэты «вузел» майго жыцця (назваць) і ўсё абурэнне, крыўду, гнеў, якія ён спарадзіў. Пане Ойча, прашу прабачэння за мае грахі. Дапамажы мне дараваць кожнаму чалавеку, які свядома ці несвядома завязаў гэты «вузел». Дзякуючы майму шчыраму жаданню Ты зможаш развязаць яго, Мая любімая Мама! Прад Табой і ў імя Сына Твайго Езуса, майго Збаўцы, Якога так абражалі і Які здолеў дараваць ўсім, сёння і назаўсёды дарую гэтым людзям (імёны) і сябе самой(-му). Маці Марыя, дзякую Табе за тое, што Ты развязала ўва мне «вузел» крыўды і гневу, які я аддала(-ў) Табе сёння. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Хто хоча ласкі - звяртайся да Марыі! Хто хоча ласкі - звяртайся да Марыі!

ЧАЦЬВЁРТЫ ДЗЕНЬ:

Мая любімая Святая Мама, якая прымае ўсіх, хто да Цябе звяртаецца, памілуй мяне! У Твае рукі аддаю сёння гэты «вузел» (назваць). Ён перашкаджае мне быць шчаслівай(-ым), жыць у свеце, паралізуе маю душу, замінае мне ісці да Пана і служыць Яму. Развяжы гэты «вузел» майго жыцця. Выпрасі ў Езуса ацалення маёй паралізаванай веры, якая спатыкаецца аб прыдарожныя камяні. Ідзі побач са мною, каб я ўсвядоміла(-ў), што на самой справе гэтыя камяні - мае сябры. Каб я перастала(-ў) наракаць і навучылася(-ўся) дзякаваць, каб я навучылася(-ўся) ўсміхацца кожнаму імгненню жыцця, таму што я давяраю Табе. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Марыя ёсць сонца, і ўвесь свет саграваецца Яе цяплом.

ПЯТЫ ДЗЕНЬ:

Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці міласэрнасці, якая развязвае вузлы. Звяртаюся да Цябе, каб аддаць у Твае рукі гэты «вузел» (назваць). Мая любімая Мама, адары мяне Сваёй мудрасцю і міласэрнасцю. Ніхто ніколі не бачыў Цябе злоснай, наадварот, Твае словы заўсёды поўныя ласкі - у іх чутны голас Духа Святога. Вызвалі мяне ад горычы, гневу і нянавісці, якія нясе мне гэты «вузел». Навучы мяне разважаць у цішыні майго сэрца. Выпрасі ў Сына Твайго Езуса Хрыста, каб, як у дзень Пяцідзесятніцы, Дух Святы сышоў на мяне, асвяціў маё жыццё і паказаў выхад з гэтай цяжкай сітуацыі. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Марыя ўсемагутная у Пане.

ШОСТЫ ДЗЕНЬ:

Панна міласэрнасці! Аддаю Табе гэты «вузел» майго жыцця (назваць) і прашу Цябе, дай мне такое сэрца, каб мела здольнасць быць цярплівым, пакуль Ты развязваеш гэты «вузел». Навучы мяне слухаць Слова Сына Твайго, спадзявацца на Яго дапамогу, мець зносіны з Ім. Заставайся са мною, любімая Марыя. Падрыхтуй маё сэрца да весялосці з анёламі, калі Ты напоўніш мяне ласкай. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Ты прыгожая, Марыя, і няма ў Табе ніякага загана.

СЁМЫ ДЗЕНЬ:

Найсвяцейшая Панна Марыя! Звяртаюся да Цябе сёння: развяжы гэты «вузел» маім жыцці (назваць) і выратуй мяне ад уплыву зла. Пан даў Табе вялікую ўладу над усімі злымі духамі. Сёння я выракаюся ад іх і ўсіх сувязяў, якія я з імі мела(-ў). Я абвяшчаю, што толькі Езус ёсць мой адзіны Збаўца і мой Бог. О Марыя, якая развязвае вузлы, расцісні галаву д'яблу. Зламай пасткі, створаныя гэтымі «вузламі» у маім жыцці. Пане, адкупі мяне Сваёй каштоўнай крывёю! Дзякую Табе, мая любімая Мама. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Ты хвала Ерузалема, Ты гонар нашага народа.

ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ:

Панна Марыя, міласэрная Маці Божая! Памілуй Сваё дзіця, і развяжы «вузлы» (назваць) майго жыцця. Прыйдзі наведаць мяне, як Альжбету. Прынясі мне Езуса, прынясі Духа Святога. Навучы мяне смеласці, радасці, пакоры, і як Альжбету, напоўні мяне Духам Святым. Я хачу, каб ты была маёй Маці, маёй паннай і сяброўкаю. Я аддаю Табе маё сэрца і ўсё, што маю: мой дом, маю сям'ю, мае каштоўнасці - знешнія і ўнутраныя. Я навекі належу Табе. Ўкладзі ў мяне Сваё сэрца, каб я здолела(-ў) выканаць усё, што Езус скажа мне зрабіць. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне. Напоўненыя даверам, мы ідзем да трона ласкі.

ДЗЕВЯТЫ ДЗЕНЬ:

Найсвяцейшая Маці, наша заступніца! Да Цябе, якая развязвае повязі, прыходжу сёння, каб падзякаваць Табе за тое, што Ты развязала гэты «вузел». Ты ведаеш, які боль ён мне прычыняў. Дзякую Табе, мая любімая Мама. Агарні мяне покрывам Тваёй любові. Абарані мяне. Асвяці мяне Сваім светам. Найсвяцейшая Панна Марыя, якая развязвае вузлы, маліся за мяне.