www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Гісторыя з'яўлення Мацi Божай
Новага Жыцця ва Ўселюбе
 

Гісторыя ўзнікнення фігуры Маці Божай Новага Жыцця ва Ўселюбе бярэ свой пачатак у падзеях, здавалася б, зусім нязначных. Быў пэўны час, калі айцец Віталій, сённяшні пробашч парафіі святога Казіміра ва Ўселюбе, пры ажыццяўленні душпастырскіх абавязкаў часта сустракаўся з праблемай беларускіх сем’яў, якія падоўгу не маглі нарадзіць дзіця. Пры наведванні такіх сем’яў айцец Віталь прапанаваў сужонцам малітву да Панны Марыі, раіў цалкам даручаць гэтую справу Яе заступніцтву. З цягам часу стала відавочна, што малітва аб дары патомства вельмі патрэбна сённяшнім беларусам.

У 2016 годзе здарыўся шэраг падзей, якія паказвалі, што Маці Божая мае нейкі план на Ўселюб. Напярэдадні свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 14 жніўня 2016 года парафіянка з Уселюба Ванда Жарыч шчыра малілася ў санктуарыі Мукі Пана і Маці Божай Кальварыйскай, што ў Пацлаве (Польшча), і адчула натхненне ад Маці Божай, якое тычылася яе роднай парафіі. Па атрыманаму натхненню Ванда Жарыч зярнулася да сваіх знаёмых палякаў – сужонкаў Ганны і Станіслава Хмура з Дэмбіцы (Польшча) – аб дапамозе ў рамонце касцёла святога Казіміра ва Ўселюбе. Сужонкі вельмі здзівіліся такой просьбе, бо нават не ведалі, дзе знаходзіцца тая мясцовасць, але не сказалі “не”. Праз два месяцы група Рыцараў Калумба, да якіх належыць пан Станіслаў Хмура, прыехала ў Беларусь, каб ацаніць стан касцёла і магчымасці яго аднаўлення пасля доўгіх гадоў занядбання. Вырашылі дапамагчы і аб’явілі збор сродкаў на рамонт касцёла, да чаго спрычыніліся ксёндз-капэлан Юзаф Добаш і вернікі Дэмбіцы. На здзіўленне ўсім удзельнікам працэсу сродкі былі сабраныя вельмі хутка! Адначасова з гэтым, менавіта ў гэты час біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў ва Ўселюб пробашчам айца Віталія Цыбульскага, які разам з парафіянамі і людзьмі добрай волі з Навагрудчыны, пры падтрымцы Рыцараў Калумба з адданасцю ўзяўся за справу рамонта.

Падчас рамонтных работ пробашч парафіі, вернікі і ахвярадаўцы маліліся аб распазнанні волі Божай у адносінах уселюбскага касцёла. І вось аднойчы да айца Віталія прыйшоў чалавек, які нягледзячы на тое, што айца Віталія не было на месцы, згадзіўся пачакаць яго некалькі гадзінаў. Праз знаёмства з гэтым незвычайным чалавекам, айцец Віталій даведаўся, што недзе ў Польшчы людзі моляцца да Маці Божай цяжарнай. І так гэтая думка запала ў сэрца пробашча, што ён пачаў пытацца наконт гэтай тэмы ў сваіх знаёмых палякаў. Аб гэтым мала хто ведаў. Але польскія сябры і ахвярадаўцы натхніліся ідэяй зрабіць фігуру Маці Божай у блаславёным стане. Ніхто не ведаў, як фігура павінна выглядаць. За справу ўзяўся польскі разьбяр Марк Козак, які разам са сваімі паплечнікамі за некалькі месяцаў стварыў фігуру Маці Божай у цяжарным стане з ліпавага дрэва, а ахвярадаўцы Ян Ніва, Марыян Дыбоўскі, Ян Хмура, Станіслаў Пшэтачнік, Станіслаў Хмура пакрылі ўсе кошты. І вось ужо Маці Божая глядзела з пяшчотаю на тых, хто стварыў яе вобраз у гэтай фігуры. Вобраз натхняў!

Паўстала пытанне пра асвячэнне фігуры Маці Божай цяжарнай. Было вырашана зрабіць гэта ў Пуцлаўскай парафіі, адкуль такім цудоўным чынам па натхненню Маці Божай распачалася гэтая місія, скіраваная на Ўселюб. І Божы Провід учыніў так, што гэтай новай справе не было ніякіх перашкодаў. У ліпені 2018 года адбылася сустрэча пана Станіслава Хмуры і айца Віталія Цыбульскага з арцыбіскупам Адамам Шалем, мітрапалітам Пшэмысльскім, падчас аўдыенцыі з якім яны прасілі Яго Эксцэленцыю асвяціць фігуру Маці Божай Цяжарнай. Біскуп на нейкі час задумаўся і прамовіў: “А можа, назваць фігуру “Маці Божая Новага Жыцця?” Усе з радасцю згадзіліся. Відавочна, сустрэча з арцыбіскупам была невыпадковай: Маці Божая праз яго падказала, які тытул патрэбна надаць фігуры.

14 жніўня 2018 года арцыбіскуп Адам Шаль асвяціў і блаславіў фігуру Маці Божай Новага Жыцця ў Пуцлаўскай Кальварыі (Польшча). На асвячэнні прысутнічалі каля тысячы чалавек. Натхнёны айцец Віталій прывёз бласлаўлёную арцыбіскупам фігуру Маці Божай ва ўселюбскую парафію святога Казіміра, святога, які таксама быў вельмі адданым шанавальнікам Найсвяцейшай Панны Марыі.

І вось 4 сакавіка 2019 года, падчас урачыстасці ў дзень успамінаў святога Казіміра, фігура Маці Божай Новага Жыцця заняла сваё пачэснае месца ва ўселюбскай святыні, у спецыяльна падрыхтаванай для яе нішы. Біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў гэтую фігуру і абвясціў аб распачацці культу Маці Божай Новага Жыцця. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з Навагрудка, Наваельні, Ліды, Карэліч, Раготна, Казлоўшчыны, Гродна, Шчучына, а таксама дабрачынцы з Дэмбіцы (Польшча) - Ян Ніва, Марыян Дыбоўскі, Ян Хмура, Станіслаў Пшэтачнік, Станіслаў Хмура, дзякуючы якім святыня ва Ўселюбе была адноўлена.

Фігура Маці Божай Новага Жыцця ўвасабляе сабою Найсвяцейшую Панну Марыю, Якая знаходзіцца ў бласлаўлёным стане, – цяжарная Дзіцяткам Езусам. У блакітна-белых шатах з крыху схіленай галавою, Найсвяцейшая Панна нібы слухае Анёла, які паведамляе Ёй Божую волю, але таксама выслухоўвае і нашы просьбы.

Маці Божая Новага Жыцця, як падкрэсліваюць тэолагі, – гэта перадусім Маці Езуса, які назваў сябе Жыццём (Ян 11, 25; 14, 6), Ён дае сапраўднае жыццё, г.зн. жыццё ласкі Божай (Ян 6, 27-58; 8,12; 10,10); кожны хрысціянін прызначаны да новага існавання — да новага жыцця ў Хрысце адпаведна Яго настаўленням (Рым 6, 4; 6, 10н; 12); новае жыццё — гэта жыццё вечнае ў Небе (Ян 6, 47; 1 Кар 15, 51н), дзе будзем бачыць Бога “такім, Якім ёсць” (1 Ян 3, 2) “тварам у твар” (1 Кар 13, 12). Марыя падчас Звеставання стала Маці новага жыцця - біялагічнага жыцця Уцелаўлёнага Сына Божага, але таксама стала Маці Новага Жыцця – Збавіцеля, Які прыйшоў, каб мы атрымалі Новае Жыццё.

«Праз пасрэдніцтва Марыі, – зазначыў айцец Віталій Цыбульскі ў інтэрвью беларускаму часопісу “Ave Maria”, – мы можам тут, у нашай святыні, выпрошваць дар мацярынства і бацькоўства, выпрошваць ласкі для аднаўлення нашага хрысціянскага жыцця… І ўжо вядомыя выпадкі, калі праз заступніцтва Маці Божай Новага Жыцця адбыліся цуды. Камусьці Маці Божая новага Жыцця выпрасіла ласку аздараўлення з невылечнай хваробы, камусьці — палёгку ў цярпенні, ці дапамагла вырашыць нейкія цяжкія жыццёвыя сітуацыі. А зусім нядаўна мне паведамілі, што праз Яе заступніцтва нарадзілася здаровае дзіцятка, хоць па ўсіх ранейшых даследаваннях урачы прадказвалі нараджэнне дзіцяці з сіндромам Дауна. Я вельмі ўдзячны Пану Богу. Ён дзейнічае такім чынам, што прыходзіць праз Марыю — Маці Божую Новага Жыцця. Для мяне гэта сімвал новага жыцця, для парафіі таксама гэта — пачатак новага жыцця, надзея на асаблівую апеку Багародзіцы... Дзякуючы ахвярадаўцам і ўсім, хто быў разам з намі, хто духоўна маліўся, я запрашаю ўсіх у нашую святыню — месца прысутнасці Маці Божай. Запрашаю, каб праз Марыю кожны з нас адкрыў сваё сэрца і запрасіў Езуса: я Цябе чакаю, прыходзь, Пане Езу, у маё жыццё, а я буду ісці насустрач да Цябе. З Маці Божай”.

І сапраўды, асаблівая апека Маці Божай ва ўселюбскай святыні значна адчуваецца. Усяго за пару гадоў намаганнямі пробашча, дзякуючы падтрымцы дабрачынцаў і парафіянаў, было цалкам адноўлена ўнутранае ўбранства касцёла, а таксама рыхтуюцца працы па аднаўленню фасада самага старажытнага касцёла, які захаваўся на Беларусі (пабудаваны ў 1433 годзе). З прыходам айца Віталія аднавілася і духоўнае жыццё парафіі. Акрамя непасрэдных абавязкаў святара, айцец Віталій наведвае лячэбна-працоўны прафілакторый, дзе знаходзяцца людзі, залежныя ад алкаголю, арганізоўвае дапамогу шматдзетным сем’ям і патрабуючым, праводзіць катэхізацыю не толькі ва Ўселюбе, але і ў навакольных вёсках, арганізуе марыйныя рэкалекцыі і правядзенне штогадовых фэстаў ("Казіміраўскі фестываль", "Novafest") і яшчэ шмат чаго, што можна зрабіць у вольны час, каб распаўсюдзіць культ шанавання Найсвяцейшай Панны Марыі. Як адзначаюць самі парафіяне, без ласкі Божай немагчыма зрабіць столькі справаў за такі кароткі час, і яны ўпэўненыя, што Пан Бог праз заступніцтва Панны Марыі шчодра адорвае гэтымі ласкамі айца Віталія на хвалу Божую. Сам айцец Віталій кажа, што сваё жыццё і ўсе справы даручае апецы Маці Божай, і гэтаму ж навучае парафіянаў і паломнікаў на рэкалекцыях.

Запрашаем Вас таксама наведаць марыйныя рэкалекцыі ва Ўселюбе. Расклад бліжэйшых рэкалекцый глядзіце тут.

У пасланні Маці Божай у Меджугор’і ад 25.02.2019 г. Багародзіца таксама звяртае нашу ўвагу на імкненне да Новага Жыцця:

“Сёння заклікаю вас да Новага Жыцця. Не важна, колькі вам гадоў, адкрыйце вашы сэрцы Езусу, які вас пераменіць, і вы, як прырода, будзеце адраджацца да Новага Жыцця ў любові Божай і адкрыеце вашыя сэрцы для Неба… Бог дае вам вялікія ласкі, а вы не ўмееце іх выкарыстаць. Клапоціцеся пра ўсё іншае, а найменш - пра душу і духоўнае жыццё… Маліцеся, спавядайцеся і распачніце новае жыццё ў ласцы (Божай). Выберыце Бога і Ён будзе весці вас да святасці, а крыж будзе для вас знакам перамогі і надзеі. Ганарыцеся, што вы ахрышчаныя і дзякуйце ўсім сваім сэрцам, што з’яўляецеся часткаю Божага плана… Заклікаю вас, каб вы пачалі жыць новым жыццём з Езусам. Няхай Уваскрослы Езус дасць вам сілы, каб у спакусах жыцця вы заўсёды былі моцнымі, і ў малітвах адданымі і вытрывалымі, бо Езус збавіў вас праз свае раны і праз уваскрасенне даў Новае Жыццё. Маліцеся, дзеці Мае, і не губляйце надзеі. Няхай у вашых сэрцах будзе радасць і супакой.”

Малітвы да Маці Божай Новага Жыцця  

Марыя, Маці Новага Жыцця! Благаславі нас, каб мы адкрылі нашыя сэрцы да новага жыцця ў Богу, да жыцця, поўнага ласкі. Ты ж, поўная ласкі падтрымліваеш нашыя намаганні, каб мы маглі змяніць нашае жыццё, каб з кожным днём мы станавіліся ўсё лепшымі.

Марыя, Ты Маці кожнай перамены ў нашым жыцці, кожнага сэрца, адкрытага на Бога. Ты паказваеш нам, як належыць прыняць Хрыста. Ты, слуга Пана, навучы, як прымаць Божую волю, як услухоўвацца ў пасланні, пасланыя да нас Усемагутным.

Марыя, Маці Новага Жыцця! Атуляй апекаю кожнае жыццё – духоўнае і біялагічнае. Ты – Маці кожнага нованароджанага і зачатага дзіцяці, благаславі бацькоў, якія чакаюць патомства, і дай надзею тым, хто моліцца аб ласцы мець дзіця. Благаславі ўсіх тых, хто клапоціцца пра кожнае жыццё – урачоў, медсясцёр, акушэрак, а таксама тых, хто прымае ў свае сем'і пакінутых дзяцей, адзінокіх і хворых, каб такім чынам даць ім «новае жыццё».

Марыя, Маці Новага Жыцця! Ты – Апякунка хворых і церпячых, для якіх выздараўленне і пераадоленне хваробы з'яўляецца як бы пачаткам новага жыцця.

Марыя, падтрымлівай таксама і тых, хто пастаянна павінен змагацца са сваім цярпеннем – не толькі фізічным, але і псіхічным, дапамагай ім знаходзіць сэнс у гэтым крыжы і навучы прымаць Божую волю, каб такім чынам таксама распачаць новае, поўнае ўнутранага спакою і гармоніі жыццё.

Марыя, Маці Новага Жыцця! Дазволь нам адраджацца і ўздымацца над нашымі паўсядзённымі праблемамі і клопатамі, натхняй нас, каб мы працягвалі руку дапамогі тым, каго прыгнятаюць розныя цярпенні, дай ім надзею і дапамажы ім знайсці сэнс жыцця.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу і Сыну і Духу Святому...

МАЛІТВА АБ ДАРЫ ПАТОМСТВА

О Марыя, Маці Новага Жыцця! Пад сваім сэрцам Ты насіла Збаўцу свету. Дзякуючы ласцы нашага Айца Нябеснага, Ты спазнала, чым з’яўляецца радасць і боль мацярынства. Ты ведаеш маё імя. Ты ведаеш пра мае цярпенні і смутак. Мы з мужам вельмі прагнем, каб у нас нарадзілася дзіця. Марыя, я веру, што дзіця прыходзіць у свет па волі Божай. I таму з глыбокай верай і даверам малю Цябе: выпрасі ў Створцы ласку мацярынства для мяне. Амэн.

Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу... Маці Божая Новага Жыцця, маліся за нас.

МАЛІТВА АБ АПОСТАЛЬСКІМ СЛУЖЭННІ

Найсвяцейшая Багародзіца, Маці Новага Жыцця! Ты няспынна падтрымліваеш вучняў Твайго Сына ў іх апостальскім служэнні. Просім падтрымаць i нас, Тваіх дзяцей, каб мы, умацаваныя ласкай Духа Святога, навучыліся жыць паводле вучэння Евангелля. Дапамажы нам зносіць цяжкасці штодзённага жыцця ў духу любові, справядлівасці і супакою.

Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу... Маці Божая Новага Жыцця, маліся за нас.

АКТ ПРЫСВЯЧЭННЯ БЕЛАРУСІ БЕЗЗАГАННАМУ
СЭРЦУ МАРЫІ
 

О Марыя, Дзева і Маці Бога, наша супольнасць, наш народ, сем'я якую Ты бачыш у Сваіх стоп, урачыста прысвячае сябе сёння

Твайму Беззаганнаму Сэрцу.Твайму Беззаганнаму Сэрцу мы прысвячаем бяз рэшты нашу Айчыну Беларусь, нашы сэрцы, нашы душы, усё, чым мы з’яўляемся і што маем. Табе мы прысвячаем нашы часовыя і духовыя клопаты, нашу працу і труд, нашы радасці і цярпенні.

Марыя, асвяці нас і блаславі!

Просім Цябе, самая любая Маці, не адмаўляй нам у Сваёй апецы і напоўні нас Сваім духам. Адары нас сваімі якасцямі: духам любові да Бога і паслухмянасцю, каб наша зямля ўсё больш станавілася домам супакою; духам праведнасці і пабожнасці, каб мы з глыбокай пашанай адносіліся да цела і душы; духам малітвы і адданасці, каб праз частае прыняцце святых дароў, а перш за ўсё праз малітву на ружанцы, мы захоўвалі і памнажалі ў сабе ласку Божую; духам бескарыслівай любові да бліжняга, каб мы ўсё больш станавіліся адным сэрцам і адной душой; духам вернасці нашым абавязкам і сумленнасці, каб кожны з нас праз перамогу над пажадлівасцямі падабаўся Табе і прыносіў радасць.

О Беззаганнае Сэрца Марыі!

Просім Цябе, дазволь, каб з Твайго Сэрца праліўся струмень тых ласкаў, якія фарміруюць нашу сям’ю на падабентва Святой Сям’і з Назарэту. Дапамажы нам жыць так, як мы абяцалі; кахаць так, каб радаваць Цябе; рабіць так, як Ты гэтага жадаеш! Благаславі нашы пастанаўленні і абяцанні. Дадай нам адвагі, каб праз малітву і ўтаймаванне цела мы ўдзельнічалі ў збаўленні грэшнікаў, у пашырэнні валадарства Твайго і Твайго Боскага Сына, ва ўзнагароджванні за ўсе знявагі, якімі няўдзячныя людзі раняць Тваё Мацярынскае Сэрца.

Просім Цябе, Марыя, Маці наша, Пані Новага Жыцця, наша Каралева:

Благаславі нас!
Барані нас!
Заслані нас!
Запішы нашы імёны ў Тваё Беззаганнае Сэрца, як гарантыю Тваёй асаблівай апекі.
Амэн.