www.NatusEst.com
Ідзе загрузка...

Святая Рыта з Каш'і

Святая Рыта з Каш’і (1381 – 1457)

Заступніца міру, маці, шлюбу, сям'і, ахвяр гвалту. Дапаможніца ў хваробах і ранах, у стратах, у вырашэнні шлюбных праблем, у немагчымых і безнадзейных сітуацыях, у складаных і адчайных выпадках.

Святая Рыта з Каш’і нарадзілася у 1381 г. у мястэчку Ракапарэна каля Каш’і ў правінцыі Перуджа, рэгіёну Умбрыя, Італія. Яе жыццё ад моманту нараджэння да смерці было поўнае цудаў і дзіўных падзей. Яе бацькі былі ўжо немаладыя, калі Бог падарыў ім доўгачаканае дзіця. Яе бацька Антоніа Лоттэ быў сціплым натарыусам-міратворцам у Каш’і. Біёграфы святой Рыты распавядаюць, што калі маці чакала яе нараджэння, у сне ёй з'явіўся анёл, які абяцаў ёй нараджэнне дзяўчынкі і загадаў назваць дзіця Рытай. Пазней у гэтым ўгледзелі падабенства з абставінамі нараджэння Яна Хрысціцеля - таксама адзінага сына пажылых бацькоў, якія ўжо згубілі надзею мець дзяцей. Магчыма, ужо па абставінах нараджэння ёй было наканавана стаць святой “безнадзейных выпадкаў”.

Існуе паданне, што пасля хрышчэння Рыты, калі яна спала ў калысцы, некалькі дзён запар белыя пчолы збіраліся ў яе на вуснах і адкладалі ў яе рот салодкі мёд, не прычыняючы дзяўчынцы шкоды. Адзін з жыхароў вёскі, які бачыў, як гэта адбывалася, паспрабаваў разагнаць пчол сваёй параненай рукой. У той жа момант яго рука ацалілася.

З 14 гадоў Рыта хацела стаць манашкай, але бацькі выдалі яе замуж за жыхара іх горада Паола Манчыні, які належаў да ваяўнічага і магутнага сямейнага клана. Муж прычыняў Рыце шмат пакутаў тым, што ўвесь час забіваў людзей па загаду клана, часам быў жорсткі з ёй, але яна суцяшалася малітвай і адказвала яму дабром на яго жорсткасць, працягваючы быць вернай Хрысту на працягу ўсіх гадоў шлюбнага жыцця. Яна ўвесь час спрабавала спыніць варожасць, якая панавала паміж мужчынамі клана мужа, але толькі мужа змагла, у рэшце рэшт, схіліць да веры, дабра і даравання.

У шлюбе ў іх нарадзілася двое дзяцей-блізнят, Джакама і Паола Марыя. Аднойчы муж Рыты, які адышоў ад ранейшых спраў, ужо працаваў млынаром ў вёсцы Ракапарэна, але ў якога было шмат ворагаў з-за мінулых грахоў, трапіў у пастку і быў забіты. На пахаванні мужа Рыта публічна прабачыла забойцаў і абяцала за іх маліцца, за што наклікала на сябе гнеў з боку помслівай сям'і Манчыні. Сям'я мужа сілком забрала сыноў Рыты да сябе, каб падрыхтаваць хлопчыкаў да вендэты за бацьку. Рыта папрасілася прыняць яе ў манастыр аўгусцінак Святой Марыі Магдалены ў Каш’і (заснаваны у 1256 г.). Але яе не прынялі ў манашкі, так як у манастыр прымалі толькі нявінніц. Яна засталася там даглядаць хворых і параненых у войнах кланаў. У тыя часы на вуліцах Італіі пачала лютаваць чума. У гераічнай любові да душаў сваіх дзяцей, Рыта прасіла Бога, каб абодва падлеткі памерлі, таму што яна баялася, што яны планавалі помсту за бацьку і маглі запляміць свае рукі крывёю. Такім чынам, яны маглі б здзейсніць вялікі грэх – помсту, які асудзіў бы іх душы назаўжды. “І боская ласка прыняла ахвяру, якая прыносіла Рыта ад плоці сваёй, і неўзабаве Бог заклікаў да Сябе яе сыноў”, - піша летапісец святой. Абодва юнакі захварэлі і памерлі, папрасіўшы прабачэння ў маці за ўвесь боль, які яны ёй прычынілі.

Застаўшыся адна, няшчасная маці вырашыла аддаць і сябе ў рукі Бога, падаўшы прашэнне аб уступленні ў жаночы манастыр св. Аўгустына. Але ёй зноў было адмоўлена. Сумныя падзеі яе жыцця працягвалі вісець над ёй. Прыняць “крывавую ўдаву” азначала ўцягнуць у права помсты і манастыр, і яго насельнікаў, непазбежна звязаных па нараджэнні або па сваяцтве з адным ці іншым варожым бокам. Рыта зразумела, што гэтыя дзверы не адкрыюцца, пакуль не будзе дасягнута прымірэнне паміж раднёй забойцы і забітага. І яна сама ўзяла на сябе абавязак наладжваць сувязі прабачэння, убачыўшы ў гэтым волю Бога і сваю місію. Колькі нянавісці і злосці, колькі пагарды і адмоваў давялося ёй вынесці, перш чым растаялі разлютаваныя сэрцы! Гэта была доўгая і цяжкая праца, аднак вынік апынуўся цудам. Фактычна, Рыта спыніла кровапралітную вайну ў цэлым горадзе, вайну, якая цягнулася пакаленнямі. Мір назаўсёды быў замацаваны прадстаўнікамі Касцёла і натарыусамі Каш’і. Рыта ажыццявіла тое, што для ўсіх здавалася немагчымым.

Задаволіўшыся вынікам ўстанаўлення міру, Рыта з радасці пайшла да любімага месца каля ракі і пры зорках размаўляла з Богам. Яна заснула, перапоўненая пачуццямі яднання з Богам. Прачнулася яна ў дворыку манастыра, чые дзверы для яе былі зачыненыя. На бой звона, які адбываўся сам па сабе, без удзелу людзей, збегліся манашкі з настаяцельніцай манастыра. Убачыўшы Рыту, настаяцельніца спытала, як яна ўвайшла, калі ключы ад дзвярэй ёсць толькі ў маці-настаяцельніцы. На што Рыта адказала ёй, што заснула каля ракі, а прачнулася тут. “Немагчыма”, - сказала маці-настаяцельніца.

Такім чынам, сам Гасподзь адкрыў Рыце дзверы кляштара, і Рыце дазволілі скласці манаскія абяцанні. Яна стала манашкай і пазней рэалізавала свае імкненні ў веры. Ёй было 36 гадоў. У манастыры Рыта прысвяціла сябе малітве і епітыміі.

Паводле царкоўнага падання, у 1428 годзе адной раніцай Рыта атрымала з рук Хрыста вялікі драўляны шып, які быў убiты ёй у косць яе ілба. Гаворка ішла пра стыгматы: адбітак цярновага вянка, які быў на Езусе Хрысце ў дзень Яго ўкрыжавання. Асколак шыпа вынялі з ілба і пакінулі ў якасці свяшчэннай рэліквіі. Кожную раніцу рана адкрывалася сама па сабе, пакуль не пачаў струменіць моцны пах, які пратрымаўся цудоўным чынам да канца яе дзён.

Летапісец так піша пра гэты цуд: “Была Вялікая Пятніца, і Рыта слухала кранальную пропаведзь аб муках Хрыстовых. Вярнуўшыся ў манастыр, яна зараз жа ўпала на калені перад Крыжом, молячыся і разважаючы з любоўю ў сэрцы ... Яна маліла Яго, абліваючыся слязьмі, палкія і апантаныя словы зыходзілі з самага сэрца, і яна папрасіла Езуса Хрыста пра адну міласць: даць ёй адчуць і выпрабаваць на сваім целе такую ​​ж боль, якую Ён адчуў ад шыпа на Сваім святым цярновым вянку.., і яе просьба была выканана: у сярэдзіне ілба яна адчула не толькі боль ад вострых шыпоў, але адзін шып застаўся, утварыўшы рану, пераўтвораную ў язву, якая засталася ў яе на ўсё жыццё".

У 1453 годзе Рыта цяжка захварэла. Яна ўжо не магла ўставаць з ложка, не магла есці, і адзінай яе ежай стала Эўхарыстыя. Калі сваячка, якая прыйшла наведаць яе, спытала, ці не хочацца ёй чаго-небудзь. “Так, - адказала Рыта, - я хацела б, дзве вінныя ягады і ружу з твайго саду”. Жанчына падумала, што хворая трызніць, таму што быў разгар зімы, але калі вярнулася дадому, то ўбачыла на замерзлай лазе дзве саспелыя ягады, а на кусце адну ружу, якая зацвіла. Ашаломленая жанчына, убачыўшы кветку і цудоўныя плады, якія з'явіліся сярод зімы, на марозе, сарвала іх і прынесла Рыце. “Такім чынам, - пісаў пра гэта біёграф святой, - Пан Бог наш падаў відавочныя знакі Сваёй любові да каханай нявесты”. З тых часоў на абразах святая Рыта намаляваны з ружамі.

Калі Рыта памерла “... і неадкладна званы кляштара самі сабой зазванілі”, да яе цела пацягнуўся бясконцы паток знаёмых і вернікаў, а ад цела зыходзіў моцны салодкі водар (што было неаднаразова засведчана аж да нашых дзён), таму яе цела, згодна са старадаўнім сведчанні, “ніколі не было пахавана і ніколі не псавалася”. Цела Рыты было адразу ж выстаўлена для пакланення на хорах манастыра.

У 1457 годзе адзін натарыус (Каш’я тады была горадам натарыусаў, якія ўсё дакументавалі і прысутнічалі пры кожным натарыяльным акце) зарэгістраваў адзінаццаць цудаў, якія праз заступніцтва святой здзейсніліся толькі ў гэтым годзе. А падчас працэсу кананізацыі ў 1626 годзе было прааналізавана дзвесце шаснаццаць старадаўніх таблічак для галасавання, сто восем з іх падрабязна апісана: усе яны ўтрымлівалі звесткі пра цуды і дабрачынствы, здзяйсненыя пры садзейнічанні гэтай святой.

Рыта была беатыфікавана ў 1627 годзе папам Урбанам VIII. Праз 200 гадоў пасля смерці святой Рыты, у манастыры Каш’і адбылося нешта незвычайнае. Белыя пчолы, якія насяляюць сцены манастыра і якія паводле падання аб нараджэнні святой называюцца “пчоламі святой Рыты”, сталі вылятаць са сцен манастыра на працягу ўсяго Вялікага Тыдня (Пасхі) кожны год і працягвалі лётаць у паветры аж да дня святой Рыты, 22 мая, пасля чаго яны вярталіся ў свае цясніны да наступнага Вялікадня. Сценавыя цясніны, якія пчолы традыцыйна насяляюць да наступнага года, можна добра ўбачыць і сёння, калі прыехаць у манастыр. 24 мая 1900 года Рыта была кананізавана ў святыя Папай Лявонам ХIII.

У базыліцы святой Рыты ў Каш’і захоўваюцца яе нятленныя астанкі і па гэты дзень. Касцёл знаходзіцца на самым версе горада, на вышыні 560 м над узроўнем мора. Месца ў базыліцы, дзе знаходзяцца рэліквіі святой, закрыта кратамі, а побач з ракай заўсёды знаходзіцца манашка. Святая Рыта заставалася і застаецца адной з самых шанаваных святых не толькі ў Італіі і Еўропе, але і ва ўсім свеце. Яе называюць “каштоўнасцю Умбрыі” і “ружай з Ракапарэны”, а цуды, учыненыя яе заступніцтвам, натхняюць вернікаў лічыць яе “святой немагчымых выпадкаў”, да дапамогі якой звяртаюцца ў самых невырашальных сітуацыях.

У дзень яе памінання 22 мая касцёлы, чыёй заступніцай з'яўляецца святая Рыта, або касцёлы ордэна святога Аўгустына ва ўсім свеце раздаюць ружы сваім парафіянам.

МАЛІТВЫ ДА СВЯТОЙ РЫТЫ:

Малітва 1:

Святая Рыта, апякунка ў цяжкіх справах, заступніца ў безнадзейных сітуацыях, цудоўная зорка святога Касцёла, люстра цярплівасці, пераможца злога духа, лекарка хворых, суцяшэнне засмучаных, узор сапраўднай святасці, любімая абранніца Хрыста, пазначаная цернем з цярнёвай кароны Укрыжаванага. Усім сэрцам ушаноўваю цябе і прашу, маліся за мяне, каб ва ўсіх жыццёвых сітуацыях я навучыўся (-лася) прымаць Божую волю. О святая Рыта, прыйдзі мне на дапамогу і ўчыні, каб я спазнаў вынік тваёй апекі, каб былі пачутыя мае малітвы каля трона Божага. Выпрасі для мяне ласку ўмацавання веры, надзеі і любові, шчырага праслаўлення Марыі, а таксама ласку _______________(назваць просьбу). Учыні, каб, перамогшы ўсялякія перашкоды і спакусы, я мог (магла) калісьці дасягнуць Неба і там дзякаваць табе, і вечна радавацца разам з Айцом, Сынам і Духам Святым. Амэн.

Малітва 2:

О, Пане Божа Ўсемагутны, Які адарыў святую Рыту такой ласкай, што яна палюбіла сваіх ворагаў і несла адбітак Тваіх пакут у сваім сэрцы і знак Тваёй мукі на сваім ілбе, і была годным прыкладам для пераймання ў розных сітуацыях хрысціянскага жыцця. Дай нам па яе заступніцтву дакладна выканаць наш уласны доўг, каб аднойчы мы маглі быць шчаслівыя з ёй у Тваім Валадарстве. Просім Цябе дзеля Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Святы Антоній Падуанскі

Святы Антоній Падуанскі (1195 – 1231)

Цудатворца і дапаможца ў справах знаходжання страчаных каштоўнасцяў. Заступнік гарнякоў, закаханых, бедных, падарожнікаў, францысканцаў, а таксама жывёлаў.

Святы Антоній Падуанскі з'яўляецца самым шанаваным і папулярным святым Каталіцкага Касцёла. Таксама ён глыбока шануецца не толькі каталікамі, але нават мусульманамі, у прыватнасці ў Стамбуле, дзе храм, узведзены ў яго гонар, заўсёды поўны людзей, якія моляцца, многія з якіх вызнаюць Іслам, але з даверам звяртаюцца па дапамогу да яго, просячы хадайніцтва гэтага вялікага цудатворца.

Святы Антоній нарадзіўся ў Лісабоне (Партугалія) 15 жніўня 1195 годзе ў шляхетнай сям'і і быў не партугальцам, а каталонцам. Па адной з версій, сям'я складалася ў сваяцтве са знакамітым крыжаком і каралём Іерузалемскім Годфрыдам Бул'ёнскім. Яго бацька быў славуты лісабонскі рыцар Марцін дэ Буйон. Пры хрышчэнні будучаму святому далі імя Фернанд. Ён рос непаседаю і бацька прарочыў яму лёс такога ж вялікага рыцара. Але ў 15 гадоў Фернанд вырашыў стаць манахам і ўступіў паслушнікам у лісабонскі манастыр аўгустынаў Сан Вісэнтэ дэ Фора, які належаў ордэну рэгулярных канонікаў. Праз два гады ён перайшоў у манастыр Святога Крыжа ў Каімбры, дзе прыняў манаства і атрымаў біблейскую адукацыю. Тут ва ўзросце 24 гадоў ён быў пасвечаны на святарства. Праз некалькі гадоў малады манах расчараваўся ў затворнцкім манаскім жыцці. Гібель яго бацькі ў бітве з маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Толаса ў 1212 г., а таксама пакутніцкая смерць у Марока пецярых францысканцаў, з якімі Фернанд пазнаёміўся, калі яны праязджалі праз Лісабон, выклікалі ў ім гарачае жаданне прапаведаваць Евангелле.

У 1220 годзе ён пакінуў ордэн рэгулярных канонікаў і перайшоў у францысканцы. Там ён прыносіць манаскія шлюбы і прымае новае імя — Антоній. Манах вёў ціхае і мернае жыццё, і аб яго талентах ніхто не мог і падумаць. У 1222 годзе ён прамаўляе першае казанне, якое ўразіла слухачоў глыбінёй пазнання Святога Пісання і тонкасцю тлумачэння тэкстаў. Яго казанне дзівіла, натхняла і захапляла людзей. З 1224 года дзякуючы красамоўству, веданню прамоўніцкага мастацтва і веданню біблейскіх тэкстаў, Антоній збірае на свае казанні тысячы людзей. У адкрытым полі збіраўся слухаць яго натоўп у 30.000 чалавек. Гарадскія храмы не мясцілі пакаянцаў. А ў 1228 годзе ён выбірае Падую ў якасці цэнтра сваёй прапаведніцкай дзейнасці.

Галоўная тэма яго казанняў - пакаянне, якое апісваецца ў сімвалічных вобразах пераходу ад свету граху да адраджэння жыцця ў Хрысце. Першае пасланне, звернутае святым Антоніем да людзей, заключаецца ў настойлівым закліку да малітоўнага жыцця і да паслядоўнасці, бо толькі ў паслядоўнасці можа выказацца сапраўднае хрысціянскае жыццё, якое павінна натхняцца Словам Божым - як удакладняе ён. Другое пасланне святога Антонія Падуанскага, звернутае да вернікаў, заключаецца ў закліку да ўвагі і любові да бедных. Трэцяе пасланне святога ставіцца да экуменізму. Святы Антоній усяляк выяўляў сваю міласэрную любоў да людзей і заўсёды ўмеў адрозніваць грэшніка ад граху і ерэтыка ад ерасі: калі ён быў непахісны ў сваёй барацьбе з грахом і ерассю, то ён звяртаўся з павагай і любоўю да памыліўшыхся, пазбягаючы адкрыта асуджаць іх, нават тады, калі ўяўляўся выпадак.

Святы Антоній адчуваў шчыры жаль да ерэтыкоў, бо ён бачыў, як яны адмаўляюцца ад самага цудоўнага дара - Святой Камуніі. Аднойчы адзін з ерэтыкоў сказаў Антонію, што паверыць у тое, што ў Эўхарыстыі прысутнічае Сам Хрыстус, калі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам укленчыць яго мул. Яны дамовіліся, што выпрабаванне адбудзецца праз тры дні. За гэтыя дні ерэтык ні разу не пакарміў мула, давёўшы яго да стана жудаснага голаду. Калі надыйшоў час, Антоній прыйшоў, трымаючы ў руках Святыя Дары. Ерэтык жа прыйшоў з кормам для мула. І тым не менш, мул, ігнаруючы свой неверагодны голад, падыйшоў да святога Антонія і ўкленчыў перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Святы Антоній выкладаў багаслоўе ва ўніверсітэце Балон'і, прапаведваў на поўдні Францыі (Тулуза, Ле-Пюі), быў абраны правінцыялам паўднёвай Францыі, заснаваў некалькі манастыроў на Сіцыліі, быў абраны правінцыялам Паўночнай Італіі. Папа Рыгор ІХ прапанаваў Антонію пост у Рымскай курыі, але святы адмовіўся ад пасады.

Апошнім яго домам была адасобленая келля на арэшыне ў Кампосампьеро, куды знясілены постам і змучаны хваробай святы адышоў, каб у цішыні падрыхтавацца да смерці, набліжэнне якой ён адчуваў. Гэта зямля была падораная ордэну францішканцаў герцагам Тызо, адным з безпрынцыпных палітыкаў таго часу. Менавіта пропаведзь святога Антонія так паўплывала на Тызо, што ён навярнуўся да Бога і ахвяраваў свае сродкі на пашырэнне ўплыву францішканцаў. Аднойчы герцаг праходзіў міма доміка святога Антонія, і ўбачыў, як з акенца льецца неверагодна насычанае і яркае святло. Тызо спужаўся пажару і кінуўся ўнутр. Там ён убачыў Антонія, які абдымаў Немаўля Езуса. Антоній прасіў герцага не расказвать пра гэты выпадак, і той стрымаў слова да смерці святога. 13 чэрвеня 1231 года Святы Антоній памёр у горадзе Падуя ў Італіі.

Менш чым праз год, 13 мая 1232 года ў саборы ў Спалета Папа Рыгор IX кананізаваў новага святога. На працэсе кананізацыі быў зачытаны спіс яго цудаў, які ўразіў не толькі простых вернікаў, але і біскупаў, святароў і кардыналаў.

Адным з цудаў была гісторыя з хлебам для бедных. Адна жанчына пакінула свайго 20-месячнага сына гуляць аднаго і хутка знайшла яго безжыццёвым, бо ён патануў у чане з вадой. Маці ў адчаі звярнулася за дапамогай да святога Антонія і ў сваёй малітве дала пастанову: калі яна атрымае патрабуючую ласку, то дасць бедным столькі хлеба, колькі важыць яе дзіця. Яе сын цудоўным чынам вярнуўся да жыцця. Так нарадзілася традыцыя "pondus pueri", малітвы, у якой бацькі, у абмен на заступніцтва для сваіх дзяцей, абяцалі святому Антонію столькі хлеба, колькі складала іх вага. Менавіта гэты цуд і традыцыя раздаваць Хлеб святога Антонія бедным адыграў ролю ва ўзнікненні "Карытас святога Антонія", арганізацыі, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, дастаўкай харчавання і тавараў першай неабходнасці, а таксама дапамогай бедным па ўсім свеце.

Дзень успаміну і шанавання святога Антонія лічыцца дзень яго смерці і яго нараджэння для Неба - 13 чэрвеня. У 1263 г. яго мошчы былі перанесены ў цудоўны сабор, які жыхары Падуі пабудавалі ў гонар святога. Пры гэтым аказалася, што язык і галасавыя звязкі вялікага прапаведніка засталіся ў цэласці і захаванасці. 16 студзеня 1946 года папа Пій XII абвясціў святога Антонія Падуанскага Настаўнікам Касцёла. І на працягу ўсіх сямі стагоддзяў хрысціянскі народ няспынна заклікае да гэтага свайго заступніка, якога Папа Леў XIII назваў "Святым усяго свету".

МАЛІТВЫ ДА СВЯТОГА АНТОНІЯ:

Малітва 1:

О, святы Антоній, звяртаюся да цябе са сваёй патрэбай. Твая дабрыня поўная спагады, ты суцяшаеш усякага, хто да цябе звяртаецца. Будзь маім заступнікам перад Богам, прасі ад майго імя Айца Міласэрнага і вымалі для мяне ласку, у якой я так маю патрэбу_____________ (назваць просьбу).

Я ведаю, на колькі слабая мая вера, але твая вера тварыла цуды, і, прапаведуючы, ты абудзіў веру ў сэрцах многіх людзей. Аднаві і маю веру, зрабі яе мацней і чысцей.

Ты, які жыў евангельскім жыццём, дапамажы мне зрабіць маё жыццё больш хрысціянскім, каб я стаў годным сынам Айца Нябеснага. О, святы Антоній, паспяшайся на дапамогу маёй слабасці, агарадзі ад хвароб і небяспек маю душу і цела, дапамажы мне заўсёды давяраць Богу, асабліва падчас выпрабаванняў і няшчасцяў. Блаславі маю працу, маю сям'ю, вымалі для нас добрае стаўленне ў адносінах да бедных і струджаных.

О, мой заступнік, узнагародзь мяне за давер, які я заўсёды ўскладаў на тваё заступніцтва перад Богам. Амэн.

Малітва 2: малітва ў пошуках страчанай рэчы

Святы Антоній, прапаведнік невычэрпнай ласкі, Бог ганараваў цябе асаблівым дарам дапамагаць людзям у вяртанні страчанага. Прыйдзі цяпер на дапамогу мне і сваім хадайніцтвам дапамажы адшукаць тое, што я згубіў. Таксама выпрасі для мяне жывую веру, дзейснае падпарадкаванне ўплыву ласкі, агіду да свецкай мітусні і нязгасную смагу невымоўных уцех блажэннай вечнасці. Амэн.

Малітва 3: малітва падзякі да святога Антонія

Святы Антоній, славуты цудадзей, айцец бедных, суцяшальнік засмучаных. Ты заўсёды гатовы быў дапамагчы мне і падбадзёрыць мяне. І вось ўкленчаны я перад табой, каб выказаць падзяку маю. Прымі ж яе, а разам з ёю і абяцанне, што, паўтараючы твой прыклад, я заўсёды буду жыць у любові да Бога і да бліжніх. Даруй мне і надалей добразычлівую абарону тваю і дабудзь мне ў завяршэнне жыцця майго вялікую ласку, каб трапіў я на Неба і разам з табой спадабніўся праслаўляць Міласэрнасць Божую. Амэн.

Святы айцец Піо

Святы айцец Піо (1887 – 1968)

Цудатворца, дапаможца падчас духоўнай барацьбы, у хваробах і цярпеннях.

Гаворачы аб вялікіх містыках і цудатворцах, мы звычайна ўспамінаем святых, якія жылі шмат стагоддзяў таму. Аднак святар-капуцын Піо з П'етрэльчыны (Італія) быў вялікім містыкам, ажыццяўляў мноства цудаў і памёр у 1968 годзе, менш 50 гадоў таму. Ён быў прылічаны да ліку святых Святым Папам Янам Паўлам II у 2002 г. Яго літургічны ўспамін здзяйсняецца 23 верасня.

Айцец Піо (Франчэска Форджоне) нарадзіўся ў Пьетрэльчына (Італія) у 1887 годзе. Ён быў чацвёртым з васьмі дзяцей у сям'і. Сям'я была бедная, але вельмі пабожная. Франчэска (названы ў гонар Францыска Асізскага) з дзяцінства адрозніваўся слабым здароўем. Ён марыў аб тым, каб быць святаром, і з дзяцінства служыў пры касцёле міністрантам. У 16 гадоў ён ўступіў у навіцыят францысканцаў-капуцынаў і ўзяў сабе імя Піо ў гонар святога Папы Пія V, заступніка Пьетрэльчыны. У 1907 годзе Франчэска прынёс вечныя манаскія абеты, а ў 1910 годзе (у 23 гады) быў прысвечаны ў святары.

Слабое здароўе не дазваляе айцу Піо выконваць сваё служэнне ў манастыры, і таму яго ўвесь час адпраўляюць на аздараўленне дамоў. Напачатку Першай сусветнай вайны яго перыядычна прызываюць у армію, але кожны раз адпраўляюць дамоў па хваробе. У 1916 годзе айцец Піо ўпершыню трапіў у невялікі манастыр у вёсцы Сан-Джавані-Ратонда, які знаходзіўся на скалах Монтэ-Гаргана. У гэтым манастыры ён пражыве больш за 50 гадоў. У 1918 годзе, калі яму быў 31 год, у айца Піо на руках і целе з'явіліся стыгматы - раны ў месцах ран распятага Хрыста. Стыгматы не зніклі ў яго аж да самай смерці. Раны, асабліва на руках, пастаянна кроватачылі, што прычыняла невымоўны боль, - айцец Піо насіў спецыяльныя павязкі. Стыгматы неаднаразова былі агледжаныя незалежнымі дактарамі, якія не змаглі патлумачыць прыроду з'яўлення ранаў. Святы Прастол спачатку паставіўся з недаверам да стыгматаў айца Піо, на працягу многіх гадоў манах быў ізаляваны ад знешнега свету ў сваёй кельі (1923-1933), аднак у рэшце рэшт Ватыкан прызнаў звышнатуральнае паходжанне ягоных ранаў.

Стыгматы айца Піо і чуткі пра цуды, здзяйсняемыя айцом Піо, выклікалі велізарную папулярнасць манастыра Сан-Джавані-Ратонда, куды сталі ладзіць паломніцтвы. Чарга на споведзь да айца Піо цягнулася некалькі дзён. Ён даваў мудрыя парады тым, хто вядзе духоўную барацьбу, як жыць святым жыццём у свеце, і праз гэтыя парады ён прывёў на нябёсы многія душы.

Вось 5 прынцыпаў, якіх айцец Піо рэкамендаваў прытрымлівацца ўсім каталікам, заснаваныя на парадах, якія ён даваў сваім духоўным дзецям.

1. Штотыднёвая споведзь

"Споведзь-гэта ванная для душы. Вы павінны прыступаць да яе хоць бы раз у тыдзень. Я не хачу, каб душы заставаліся без споведзі больш за тыдзень. Нават у чыстых і невыкарыстоўваемых памяшканнях запасіцца пыл; зайдзіце ў пакой праз тыдзень і ўбачыце, што ён зноў мае патрэбу ў чыстцы”.

2. Штодзённая Камунія

“Цалкам дакладна, што мы нявартыя такога дару. Аднак наблізіцца да святога Сакрамэнту ў стане смяротнага граху - гэта адно, а быць нявартым - гэта зусім іншае. Усе мы нявартыя, але Ён сам запрашае нас. Ён жадае гэтага. Будзем пакорлівыя, прымаючы Яго сэрца, поўнае пакоры і любові".

3. Выпрабаванне сумлення кожны вечар

Аднойчы нехта сказаў айцу Піо, што не бачыць сэнсу ў выпрабаванні сумлення перад сном, таму што ён і так ведае свой грэх адразу ж пасля таго, як яго здзейсніў. Айцец Піо адказаў: "Гэта праўда. Але кожны дасведчаны купец адсочвае, колькі ён страціў або набыў ад кожнай продажы, не толькі на працягу дня - вечарам ён аналізуе ўсю бухгалтэрыю мінулага дня, каб вызначыць, што ён павінен рабіць заўтра. Адсюль вынікае, што штовячэрняе выпрабаванне сумлення, кароткае, але яснае, незамяніма”.

4. Штодзённае духоўнае чытанне

“Шкода, якую наносіць душам адсутнасць духоўнага чытання, выклікае ў мяне дрыжыкі… Сіла духоўнага чытання такая, што цалкам мяняе наш курс, і нават мірскія людзі ўступаюць на шлях дасканаласці".

5. Малітва ў думках двойчы ў дзень

"Нават калі вы не вельмі паспяховыя ў сузіранні, не здавайцеся, выконваючы свой абавязак. Не хвалюйцеся з-за таго, што пастаянна адцягвае вас; будзьце цярплівыя ў малітве, і яна ўсё роўна прынясе плён. Усталюйце для сябе час малітвы і не адступайцеся, пакуль яна не скончыцца. Чаму вы так турбуецеся з-за таго, што не можаце маліцца так, як вам бы хацелася? Сузіральная малітва з'яўляецца сродкам набліжэння да Бога, але не самамэтай. Малітва накіравана на любоў да Бога і бліжняга. Любіце Бога ўсёй душою, без меры, і любіце бліжняга, як самога сябе, і гэта ўжо будзе паловай вашай малітвы”.

У 1940 годзе айцец Піо і некалькі ягоных духоўных дзяцей абвясцілі праект будаўніцтва бальніцы ў Сан-Джавані-Ратонда. Бальніца была адкрыта ў 1956 годзе, яе назвалі "Дом палягчэння пакутаў" (Casa Sollievo della Sofferenza). Сам айцец Піо называў будаўніцтва бальніцы самай вялікай справай ягонага жыцця. Айцец Піо памёр 22 верасня 1968 года ў Сан-Джавані-Ратонда. Пасля яго смерці стыгматы на ягоным целе зніклі.

Цуды, якія здзяйсняліся праз айца Піо:

  • Стыгматы на руках, нагах і ў баку, на месцах ранаў распятага Хрыста, краваточылі і мелі прыемны кветачны пах.
  • Айцец Піо мог адначасова знаходзіцца ў некалькіх месцах, а таксама мог імгненна пераносіцца з месца на месца (білакацыя).
  • Прадказваў будучыню.
  • Меў дар на споведзі "бачыць" усё жыццё таго, хто спавядаецца, імгненна вызначаў яго ступень шчырасці.
  • Цуды ацалення. Найбольш вядомы выпадак Джэмы ді Джорджы, дзяўчынкі, якая нарадзілася без зрачкоў і была сляпая, - пасля візіта да айца Піо дзяўчынка атрымала здольнасць бачыць.
  • Містычныя бітвы з сатаной, якія адбываліся ў айца Піо кожную ноч у ягонай манаскай кельі.
  • Айцец Піо валодаў французскай, нямецкай і грэцкай мовамі, хоць ніколі не вывучаў ні адну з іх.

Аднойчы, у сваю бытнасць біскупам Кракаўскім, Караль Вайтыла напісаў айцу Піо ліст з просьбай памаліцца пра жанчыну, хворую на рак, маці чатырох маленькіх дзяцей. Малітва будучага благаслаўлёнага дапамагла, і жанчына цудоўным чынам ачуняла. У 1972 г. Караль Вайтыла падпісаў прашэнне польскага епіскапату аб кананізацыі падре Піо, а ў 1983 г., ужо будучы Папам, пачаў працэс яго беатыфікацыі.

Праз некалькі гадоў пасля кананізацыі цела айца Піо было экзгуміравана і аказалася нятленным. З 2013 года мошчы айца Піо пастаянна выстаўлены ў італьянскім горадзе Сан-Джавані-Ратонда.

МАЛІТВЫ ДА АЙЦА ПІО:

Малітва 1:

О, святы айцец Піо, святы носьбіт ран Хрыстовых, прымі нас сёння як сваіх духоўных сыноў і дачок і заўсёды захоўвай нас на вузкім шляху сваім заступніцтвам. І ты, о, наш духоўны айцец, заставайся там, у Брамы Нябеснай, пакуль усе твае духоўныя дзеці не ўвойдуць праз яе, уключаючы і нас. Праз Хрыста, Пана нашага, Амэн.

Малітва 2:

Дарагі айцец Піо, я ўспамінаю тваё абяцанне Госпаду: "Божа, Я буду стаяць каля брамы раю, пакуль не ўбачу, што ўсе мае духоўныя дзеці ўвайшлі."

Падбадзёраны(-ая) тваім міласцівым абяцаннем, я прашу цябе прыняць мяне як духоўнае дзіця і хадайнічаць аб маіх малітоўных просьбах_____________ (назваць просьбу).

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды. Амэн.


МАЛІТВА АЙЦА ПІО ПАСЛЯ КАМУНІІ:

"Застанься са мной, Божа, бо мне патрэбная Твая прысутнасць, каб мне не забываць пра Цябе. Ты ведаеш, па слабасці маёй я магу пакінуць Цябе.
Застанься са мной, Божа, бо я слабы, і мне патрэбна Твая сіла, каб не ўпасці.
Застанься са мной, Божа, бо Ты - Жыццё маё, і без Цябе згасае агонь у маім сэрцы.
Застанься са мной, Божа, бо Ты - маё Святло, і без Цябе вакол пануе цемра.
Застанься са мной, Божа, і адкрый мне Сваю волю.
Застанься са мной, Божа, каб я чуў Твой голас і ішоў за Табой.
Застанься са мной, Божа , бо я хачу кахаць Цябе і быць заўсёды з Табой.
Застанься са мной, Божа, бо хоць мая душа і бедная, але я хачу, каб яна стала месцам суцяшэння для Цябе, калыскай любові.
Застанься са мной, Божа, бо, калі становіцца позна і дзень схіляецца да вечара, калі праходзіць жыццё, а смерць, суд і вечнасць набліжаюцца, я маю патрэбу ў Табе, каб Ты абнавіў мае сілы, каб я не спыняўся на шляху. Дзень ужо схіліўся да вечара, набліжаецца смерць, і я баюся цемры, баюся спакусаў, недахопу веры, баюся Крыжа і смутку…

О, мой Езус, Ты так патрэбен мне ў гэтай начы выгнання!
Застанься са мной у гэтай начы, Езус, бо ва ўсім маім жыцці з яго небяспекамі я маю патрэбу ў Табе.
Зрабі так, Божа, каб я пазнаў Цябе, як Цябе пазналі Твае вучні ў ламанні хлеба, каб Святая Камунія была маім святлом, рассейваючым цемру, сілай, якая падтрымлівае мяне, і адзінай радасцю майго сэрца.
Застанься са мной, Божа , бо ў гадзіну маёй смерці я хачу быць адзіным цэлым з Табой, калі не ў Камуніі, то, прынамсі, у ласцы і любові.
Застанься са мной, Езус. Я не прашу ў Цябе духоўных суцяшэнняў, таму што я іх не заслугоўваю. Аднак, Божа! Я малю Цябе, дай мне ласку Тваёй прысутнасці!
Застанься са мной, Божа, бо я шукаю толькі Цябе, Тваю любоў, Тваю ласку, Тваю волю, Тваё Сэрца, Твой Дух, таму што я люблю Цябе і ўсё, аб чым прашу Цябе, гэта ласка любіць Цябе ўсё мацней і мацней. Я хачу любіць Цябе гэтай рашучай любоўю, якая напаўняе ўсё сэрца, пакуль я жыву тут, на зямлі, каб працягваць любіць Цябе дасканала ў вечнасці. Амэн.”

Святы Cпірыдон Трыміфунцкі

Святы Спірыдон Трыміфунцкі (270 – 348)

Цудатворца. Заступнік о. Кіпр і о. Корфу, вандроўнікаў. Дапаможца ў фінансавых, гандлёвых і бытавых справах, справах дабрабыту, сям'і, духоўных немачах і хваробах.

Невялікае мястэчка Трыміфунт (цяпер паселішча Трэметусія), што на Кіпры, стаў вядомы на ўвесь свет, дзякуючы свайму праведніку Спірыдону Трыміфунцкаму, біскупу, прылічанаму да ліку святых. Спірыдон паходзіў з простай сялянскай сям'і. З юнага ўзросту пас коз і авечак, апрацоўваў зямлю, нават калі стаў біскупам, ён не пакінуў гэтай справы, таму часта на іконах Спірыдона адлюстроўваюць у простай шапачцы пастуха, сплеценай з лазы або сшытай з воўны. Да прыняцця святарскіх пасвячэнняў Спірыдон быў жанаты і меў дачку. Але неўзабаве жонка памерла, і Спірыдон яшчэ больш наблізіўся да Бога і стаў чыніць справы міласэрнасці.  Сваім жыццём Спірыдон імкнуўся пераймаць старазапаветным праведнікам: Давіду - у лагоднасьці, Якаву - у сардэчнай дабрыні, Абрагаму - у любові да вандроўнікаў. Навакольныя людзі Спірыдона ведалі, што, маючы ў чымсьці патрэбу, яны заўсёды могуць звярнуцца за дапамогай да гэтага добрага чалавека. Падарожныя знаходзілі пад дахам яго дома прытулак, бяздольныя – прытулак і ежу, гаруючыя – суцяшэнне. Святы Спірыдон вёў сціплы лад жыцця і часта пасціўся.

За добрыя справы Бог надзяліў Спірыдона дарамі прадбачання, ацалення невылечваемых хворых і выгнання бесаў. Некалькі разоў у яго атрымалася нават ажывіць мёртвых. Аднойчы да Спірыдона звярнулася язычніца, молячы ўваскрэсіць яе памерлае дзіця. Па малітве святога дзіця ўваскрэсла. А маці, не ў сілах справіцца з радасцю, якая ахапіла яе, звалілася знежывелая. Тады пабожны святар уваскрэсіў і маці. Гэтым цудам Спірыдон паказаў, што для Бога важны кожны чалавек, які гатовы паверыць і прыняць Яго, незалежна ад таго, ахрышчаны гэта чалавек ці язычнік.

Падчас праўлення імператара Канстанціна Вялікага святы Спірыдон быў абраны біскупам кіпрскага горада Трыміфунт. Калі на Кірпы была засуха і голад па малітвам святога Спірыдона пайшлі дажджы і бедствы спыніліся.

Аднойчы зайздроснікі абгаварылі аднаго з сяброў святара. Сябра быў заключаны ў турму і асуджаны да смяротнага пакарання. Святы Спірыдон паспяшыў на дапамогу. Шлях ягоны быў перагароджаны водамі ракі. Памятаючы як Езус Навін (Нав. 3, 14-17) перайшоў Ярдан, святы Спірыдон з цвёрдай верай у Божую ўсемагутнасць узнёс малітву і струмень ракі расступіўся. Разам са спадарожнікамі, якія сталі відавочцамі цуда, святы Спірыдон перайшоў па сухім на процілеглы бераг. Здзіўлены цудам суддзя, сустрэў святара і адпусціў нявіннага сябра.

Адной з самых важный падзей з'яўляецца ўдзел Спірыдона Трыміфунцкага ў І Сусветным саборы, які быў сабраны ў 325 годзе па загаду імператара Канстанціна Вялікага ў горадзе Нікеі, каб высветліць асноўныя праўды хрысціянскай веры і асудзіць ерась святара Арыя, які адмаўляў існаванне Святой Тройцы і Боскасць Езуса Хрыста. На баку Арыя выступалі многія філосафы, якія моцаю слова і ілжывых лагічных высноў разбуралі довады на карысць Адзінства Тройцы. Тады Спірыдон папрасіў слова, яго не хацелі пускаць, бо ён быў чалавек невучоны і прасты, аднак ён настаяў на сваім. Яго гаворка, у якой не было гучных фраз, паказала ўсім немач чалавечай мудрасці перад Мудрасцю Божай. Спірыдон сказаў: "Слухай, філосаф, што я буду казаць табе, - пачаў свяціцель. - Мы верым, што Ўсемагутны Бог з нічога стварыў Сваім Словам і Духам неба, зямлю, чалавека і ўвесь бачны і нябачны свет. Слова гэта ёсць Сын Божы, Які сышоў дзеля нашых грахоў на зямлю, нарадзіўся ад Дзевы, жыў з людзьмі, пацярпеў, памёр для нашага выратавання і затым уваскрос, адкупіў Сваёю мукаю першародны грэх, і ўваскрасіў з Сабою чалавечы род. Мы верым, што Ён адзінасутны Айцу, і верым гэтаму без усялякіх падступных выдумак, бо таямніцу гэтую спасцігнуць чалавечым розумам немагчыма." У самае сэрца філосафа праніклі гэтыя словы, ён зразумеў безсэнсоўнаць сваіх доказаў, і што чалавек не можа спрачацца з Богам, і прапанаваў сябрам паслухацца гэтага святара. Пасля гэтых дэбатаў філосаф ахрысціўся сам.

Святы Спірыдон таксама і відавочна прадэманстраваў сутнасць Адзінства Святой Тройцы. Цудатворца ўзяў плінфу (тагачасную цагліну) і сціснуў яе, склад плінфы падзяліўся: імгненна з яе выйшаў уверх агонь, уніз пацякла вада, а сухая гліна (горная парода) засталася ў руках святара (плінфу выраблялі з горных парод гліны (якая ў звычайным стане сухая) з дабаўленнем вады (каб надаць ёй пластычнасць і форму) і далейшым абпалам агнём у печцы). Спірыдон сказаў: "Гэта тры стыхіі (зямля, вада, агонь), а плінфа - адна. Так і ў Найсвяцейшай Тройцы - Тры Асобы, а Боскасць Адзіная".

У выніку сабор асудзіў ерась Арыя і зацвердзіў няўхільную праўду - дагмат: Сын Божы ёсць праўдзівы Бог, Які народжаны ад Бога Айца перад усімі вякамі і таксама вечны, як і Бог Айцец; Сын Божы Народжаны, а не створаны і Адзінасутны Богу Айцу. Так быў прыняты Сімвал веры, які хрысціяне вызнаюць па сённяшні дзень.

На працягу ўсяго свайго жыцця святы Спірыдон аддаваў частку з сабранага ўраджаю бедным. Таксама ён даваў у доўг, сам жывучы ў нястачы - кладоўкі яго былі адкрытыя, і любы мог браць адтуль, колькі трэба, а потым вярнуць. Спірыдон Трыміфунцкі ніколі не правяраў і не кантраляваў гэтыя справы, пакідаючы гэта на сумленні кожнага. Неяк узяў у яго грошы ў доўг адзін чалавек. А калі прыйшоў вяртаць, святар толькі паказаў яму месца, адкуль ён мог браць, калі яму неабходна, а потым туды ж самастойна вяртаць належную суму. Першы час той чалавек сумленна прыносіў грошы назад, і справы ягоныя ішлі добра. Разбагацеўшы, ён вырашыў схітраваць і, прыйшоўшы да святога, толькі зрабіў выгляд, а сам не вярнуў запазычаную суму. Неадкладна справы яго сталі пагаршацца, пакуль, нарэшце, той чалавек не пацярпеў поўны крах. Ён прыйшоў да Спірыдона Трыміфунцкага зноў займаць, а той яму і кажа: “Ідзі і вазьмі адтуль, куды ты ў апошні раз клаў грошы”. Так быў правучаны чалавек, які страціў з-за прагнасці сваё сумленне.

З тых часоў святому Спірыдону Трыміфунцкаму моляцца перад пачаткам любой справы, звязанай з фінансавымі ўкладаннямі, адкрыццём сваёй справы. Але часцей за ўсё святога просяць аб заступніцтве перад Богам пры бытавых бязладзіцах, звязаных з жыллём - купляй, продажам, разменам. Вядома мноства выпадкаў, калі па малітвах святога Спірыдона, людзям ўдавалася набыць кватэру на зусім неверагодных умовах.

Памёр біскуп Спірыдон падчас малітвы. Нятленныя мошчы святога сёння знаходзяцца на востраве Корфу (Грэцыя) у г. Керкіры ў Саборы святога Спірыдона (1589). Праз спецыяльнае акенца добра бачны аблічча духоўнага пастыра, рысы асобы, валасы. Служыцелі сцвярджаюць, што мошчы маюць тэмпературу цела здаровага чалавека - 36,6 градусаў - і вагу дарослага мужчыны. У свяціцеля адрастаюць валасы і пазногці. Адзенне праведніка зношваецца, яго неабходна мяняць. Абутак на нагах святога рэгулярна стоптваецца, як быццам святы Спірыдон працягвае вандраваць і чыніць дабро. Абутак замяняюць на новы, а стары адпраўляюць у якасці рэліквій у храмы па ўсім свеце. Ушаноўваецца памяць святога 12 снежня праваслаўнымі і 14 снежня католікамі.

Святы Спірыдон ні адну просьбу не пакіне непачутай! Галоўнае - пасля атрыманай дапамогі не забыцца падзякаваць Пану Богу і Яго вялікаму угодніку - святому Спірыдону. У асноўным моляцца Спірыдону аб здароўі і вылячэнні, у шляху, пры ўціску ворагамі і за веру, ад скону жывёлы, для дастатку ў доме, для паспяховага пошуку працы, для дабрабыту ў доме, для ўдалага гандлю, за дзяцей, пры голадзе, духоўных немачах і бытавых патрэбах, падчас вандровак.

МАЛІТВЫ ДА СВЯТОГА СПІРЫДОНА ТРЫМІФУНЦКАГА:

Малітва 1: малітва аб фінансавым дабрабыце

О, усеблажэнны святы Спірыдон, вялікі слуга Хрыста і праслаўлёны цудатворца! Калі стаіш у Нябёсах перад тронам Божым з сонмам Анёлаў, паглядзі літасьцівым вокам на нас людзей, якія да цябе тут звяртаюцца, якія просяць моцнай тваёй дапамогі. Выпрасі міласэрнасць Чалавекалюбца Бога, каб не асудзіў Ён нас паводле злачынстваў нашых, але няхай створыць з намі па міласці Сваёй! Выпрасі нам у Хрыста і Бога нашага мірнае і ціхамірнае жыццё, здароўе душэўнае і цялеснае, зямлі ўрадлівасць і ва ўсім ўсялякае багацце і дабрабыт, каб атрыманае намі ад шчодрага Бога дабро мы ўжывалі на славу Ягоную і на ўслаўленне твайго заступніцтва. Пазбаў усіх тых, хто з вераю без сумневаў да Бога прыходзяць ад усялякіх бедаў душэўных і цялесных, ад усіх мукаў і д'ябальскіх паклёпаў! Будзь для сумных суцяшальнікам, для нядужых - лекарам, у бедах памочнікам, бедным і ўдовам - заступнікам, сіротам - абаронцам, немаўлятам - сілкавальнікам, старым - умацаваннем, вандроўнікам - даведнікам, тым, хто плавае, - штурманам, і выпрасі ўсім, каму неабходна твая моцная дапамога, ўсё, што ім патрэбна для вызвалення! Каб тваімі малітвамі навучаныя і абароненыя, дасягнулі мы вечнага супакою і разам з табою праславілі Бога, у Тройцы Святой праслаўлёнага, Айца і Сына, і Духа Святога, цяпер, і заўсёды, і на вякі вечныя. Амэн.

Малітва 2: малітва аб працы

О, вялікі і цудоўны слуга Хрыста і цудатворца Спірыдон, слава горада Керкіры, усяго сусвету светач прасветлы, гарачы ў малітве да Бога і хуткі на дапамогу заступнік усім, хто да цябе з вераю звяртаецца. Ты веру хрысціянскую на Нікейскім Саборы пасярод айцоў добра растлумачыў, ты адзінства Святой Тройцы цудоўнай моцаю паказаў і ерэтыкоў да канца пасароміў. Сведка Хрыста, пачуй нас, грэшных, хто да цябе звяртаецца, і моцным тваім хадайніцтвам перад Панам збаў нас ад усялякага цяжкага няшчасця: ад голаду, патопу, агню і смертаноснай язвы. Бо ты ў часовым жыцці сваім ад усіх гэтых бедстваў збаўляў людзей тваіх: ад нашэсця агаранаў і ад голаду краіну тваю захаваў, цара ад невылечнай хваробы выбавіў і многіх грэшнікаў да пакаяння прывёў, мёртвых цудоўна ўваскрашаў, і за святасць жыцця твайго Анёлаў, нябачна ў царкве спяваючых, саслужыцелямі сваімі меў. Так праславіў цябе, Свайго вернага служку, Валадар Хрыстус, Які надзяліў цябе дарам бачыць ўсе таемныя чалавечыя дзеі і выкрываць жывучых няправедна. Многім у нястачы і патрэбе ты старанна дапамагаў, людзей бедных падчас голаду накарміў і многія іншыя знаменні моцаю Духа Божага, Які жыў у цябе, стварыў. Так і нас не пакінь, сведка Хрыста, помні пра нас, дзяцей сваіх, ля Прастола Валадара Нябеснага і ўмалі Пана, каб прабачыў нам грахі нашыя, каб даў нам нябеднае і мірнае жыццё, смерць годную і мірную і прабыванне разам з Панам у вечнасці, каб мы няспынна ўзносілі хвалу і падзяку Айцу, і Сыну, і Духу Святому, цяпер і заўсёды, і на вякі вечныя. Амэн.

Малітва 3: малітва аб жыллі

О, шчаслівы святы Спірыдон! Вымалі міласэрнасць Чалавекалюбца Бога, хай не асудзіць Ён нас за правіны нашыя, але хай створыць нам па міласэрнасці Сваёй. Выпрасі нам, слугам Божым _____________(назваць імёны), у Хрыста і Бога нашага мірнае і спакойнае жыццё, здароўе душэўнае і цялеснае. Збаў нас ад усялякіх бед душэўных і цялесных, ад усіх пакутаў і д'ябальскіх паклёпаў. Помні пра нас ля Прастола Валадара Нябеснага і ўмалі Пана, каб прабачыў нам грахі нашыя, каб даў нам нябеднае і мірнае жыццё, смерць годную і мірную і прабыванне разам з Панам у вечнасці, каб мы няспынна ўзносілі хвалу і падзяку Айцу, і Сыну, і Духу Святому, цяпер і заўсёды, і на вякі вечныя. Амэн.